«Піша, але на волю нічога перадаць не можа». У зняволенага Уладзіміра Мацкевіча ў турме з'явіліся праблемы са здароўем
Жонка філосафа Уладзіміра Мацкевіча распавяла «Народнай Волі» пра навіны ад мужа.
08.06.2023 / 15:48
Уладзімір Мацкевіч некалькі сутак у лютым 2022 года трымаў галадоўку пратэсту
Уладзімір Мацкевіч — беларускі філосаф і метадолаг быў затрыманы 4 жніўня 2021 года. Яму выставілі абвінавачанне ў «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК). Аднак канчатковае абвінавачанне было ўжо па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса. У выніку Мацкевіч быў асуджаны да пяці гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Спачатку зняволены філосаф адбываў пакаранне ў Шклоўскай ПК № 17, але напачатку гэтага года яму змянілі рэжым утрмання на больш жорсткі і перавялі ў магілёўскую турму № 4.
МУС уключыў Уладзіміра Мацкевіча у спіс асоб, якія датычныя да экстрэмісцкай дзейнасці.
— Валодзя трымаецца, хаця са здароўем у яго ёсць пэўныя праблемы, — кажа Святлана Мацкевіч, жонка філосафа. — Не буду нічога канкрэтызаваць, няхай гэта будзе медыцынскай тайнай.
Адвакат да мужа наведваецца не вельмі часта, але, прынамсі, такія візіты не адмяняюцца. І гэта ўжо добра.
— Працягвае за кратамі нешта пісаць?
— Думаю, так, але на волю перадаваць ён нічога не можа з таго, што напісаў. Трэба ж разумець, што гэта — турма, а не калонія. Таму невядома яшчэ, наколькі ёсць умовы, каб там нешта пісаць. І я нават не ведаю, колькі чалавек у камеры з мужам, як яму там даводзіцца. Наколькі я разумею, у турме зняволеныя не працуюць, а па рэжыме выходзяць толькі на прагулку.
Увогуле ж, пытанне знаходжання ў турме — гэта ў першую чаргу пытанне здароўя. А 14 мая Уладзіміру споўнілася ўжо 67 гадоў.
Чытайце таксама:
Філосафа Мацкевіча перавялі з калоніі ў магілёўскую турму. Блізкія не ведаюць, на які тэрмін
Уладзіміру Мацкевічу вынеслі прысуд — 5 гадоў узмоцненага рэжыму