Тураўскіх быкоў зноў пераселяць. Палескі серыял, здаецца, скончаны
Быкоў пад Туравам «завабліваюць смакоццямі», каб сабраць у адным месцы і перавезці.
07.06.2023 / 07:42
Быкі пароды Хек, якія аказаліся ў палоне ў «вялікай вады», у большасці сваёй перажылі незвычайна доўгую паводку 2023 года.
Мясцовы жыхар расказаў Tochka.by, што быкі сапраўды змаглі выбрацца з абмежаванай прасторы і цяпер перасоўваюцца статкамі.
Суразмоўца налічыў 12 галоў і дадаў, што прыкладна столькі ж аднавяскоўцы бачылі ў іншым месцы.
Тураўскіх быкоў перавязуць у заказнік
Па словах прадстаўніка Жыткавіцкага райвыканкама, вада сышла імкліва. І цяпер быкам нічога не пагражае. Работнікі тутэйшай гаспадаркі налічылі 21 жывёлу. Але, каб вызначыць дакладную колькасць, жывёл хочуць сабраць у адным месцы. Для гэтага зрабілі спецыяльны загон, дзе дзяжурыць работнік ААТ «Тураўшчына».
«Спрабуем смакоццямі іх прывабіць», — удакладніла крыніца.
У далейшым жывёлу плануюць перавезці ў Брэсцкую вобласць. Дамоўленасць дасягнулі з адміністрацыяй біялагічнага заказніка «Спораўскае».
Прыродны аб'ект займае 19 тысяч гектараў на тэрыторыі Бярозаўскага, Драгічынскага, Іванаўскага і Івацэвіцкага раёнаў. Ён уключае найбуйнейшы масіў нізінных балот у пойме ракі Ясельды.
То-бок турападобныя быкі працягнуць выконваць сваю задачу на новым месцы — будуць ствараць умовы для біяразнастайнасці пойменных лугоў, ядучы высокую траву і зараснікі вербалозу.
Мяркуючы па ўсім, там для нашчадкаў старажытных тураў будзе больш прасторы і ежы ў выпадку паўтарэння маштабных паводак. Да таго ж жывёлы апынуцца ў яшчэ больш дзікім асяроддзі ўдалечыні ад людзей. З ростам папуляцыі такое суседства можа быць небяспечным для чалавека.
Што турападобныя быкі робяць на Палессі
Пятнаццаць быкоў перавезлі ў Жыткавіцкі раён з латвійскага нацыянальнага парку «Кемеры» ў 2020 годзе.
Вясной 2023 года разліў рэк Прыпяць і Сцвіга прывёў да сур'ёзнай паводкі. Жывёлы аказаліся адрэзаныя вадой на астраўках. Некаторыя цяляты загінулі праз недахоп ежы або ў спробах перабрацца на вялікую зямлю ўплаў.
Серыял, за якім сачылі, завяршыўся. Ці будзе ў яго другі сезон, пакажа вясна 2024 года.
Чытайце таксама:
З-за паводкі пад Туравам гінуць турападобныя быкі, завезеныя з-за мяжы