Сетка «Вкусно — и точка», як высветлілася, паспела падпісаць дамову і выгрузіць частку прадукцыі для беларускіх рэстаранаў. Але яе не пусцілі
Сталі вядомыя новыя дэталі ў гісторыі адыходу «Макдональдса» з Беларусі. Пра іх распавёў гендырэктар сеткі «Вкусно — и точка», якая планавала зайсці ў нашу краіну.
05.06.2023 / 10:56
Фота: сацсеткі «Вкусно — и точка»
«Гісторыя з Беларуссю вельмі цікавая. Цяпер гэта незалежны бізнэс, ён не мае да нас ніякага дачынення. Mcdonald's у нейкі момант вырашыў пакінуць Беларусі, і тады ўладальнікі звярнуліся да нас з прапановай стаць партнёрамі-франчайзі. Мы пагадзіліся і нават паспелі падпісаць пагадненне аб супрацоўніцтве і адгрузіць частку прадукцыі», — распавёў генеральны дырэктар кампаніі Алег Пароеў у інтэрв'ю «РІА Навіны».
Аднак, з ягоных слоў, «праз пэўныя абставіны Беларусь у выніку пайшла па іншым шляху».
«Яны вырашылі ствараць свой уласны брэнд, які не будзе мець ніякага дачынення ні да Расіі, ні да «Вкусно — и точка», ні да нейкіх іншых расійскіх франшыз. Мы скасавалі наша пагадненне аб супрацоўніцтве, і цяпер яны працуюць як уласны нацыянальны брэнд, спрабуюць пабудаваць бізнэс з нуля», — растлумачыў гендырэктар «Вкусно — и точка».
Увосень сетка паведамляла, што выходзіць на рынак Беларусі і падпісвае дамову франчайзі з кампаніяй «КСБ Віктары рэстараны», якая кіруе 25 рэстаранамі Mcdonald's у краіне. У лістападзе анансавалася, што рэстараны пачнуць працаваць пад расійскім брэндам, але ўмяшаўся Лукашэнка. У выніку былыя «Макдональдсы» нейкі час працавалі пад шыльдай «Мы адкрытыя». У красавіку «КСБ Віктары рэстараны» паведаміла, што пачала працаваць пад новым брэндам — Mak.by. Гэту назву, дарэчы, таксама агучыў Лукашэнка падчас паслання парламенту і народу.
Чытайце таксама:
Крыніцы: «Макдональдс» застаецца, Лукашэнка забараніў мяняць франшызу
Крыніцы: Лукашэнка даверыў «Макдональдс» Алексіну
«Макдональдс» афіцыйна стаў «Мак.by»
Назвы бургераў у былых «Макдональдсах» памянялі з-за чатырох лустачак агуркоў
Ці розняцца бургеры з «Макаў» у Беларусі, Літве, Польшчы і Грузіі? Памералі з лінейкай