«Беларускія спецслужбы пагражалі нас забіць». Новая група мігрантаў на мяжы Беларусі і Польшчы распавяла аб пагрозах з боку лукашэнкаўскіх сілавікоў
У прыгранічнай паласе паміж Беларуссю і Польшчай некалькі дзён знаходзіцца група мігрантаў — 30 чалавек, у тым ліку дзеці. Польскі бок не пускае, а беларускі пры вяртанні пагражае расправай. Пра гэта 28 мая паведаміла агенцтва Associated Press са спасылкай на польскіх праваабаронцаў і афіцыйных асоб.
29.05.2023 / 09:55
Фота: твітар польскай Памежнай службы
Як заяўляюць актывісты праваабарончай арганізацыі Grupa Granica, група мігрантаў хоць і знаходзіцца па-за межамі польскай памежнай сцяны, але ўсё ж юрыдычна яны ўжо на тэрыторыі Польшчы, таму могуць падавацца на міжнародную абарону і маюць права трапіць у краіну.
Але для гэтага неабходна згода польскай Памежнай службы, якая ў выпадку адмовы будзе вымушаная выгнаць людзей на беларускую тэрыторыю, дзе, па словах мігрантаў, іх чакае расправа.
«У Беларусі ім небяспечна. У іх групе ёсць хворыя дзеці, а беларускія спецслужбы, па сведчаннях мігрантаў, прама пагражаюць ім збіццём і нават забойствам. Таму людзей трэба тэрмінова пускаць, бо яны на польскай тэрыторыі і згодныя на падачу дакументаў на міжнародную абарону», — расказалі актывісты Grupa Granica агенцтву Associated Press.
На гэты момант група мігрантаў усё яшчэ застаецца ў памежжы і чакае рашэння польскага боку.
Нагадаем, што рэжым Лукашэнкі ў адплату за падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці з боку краін Захаду ў 2021 годзе справакаваў міграцыйны крызіс на ўсходняй мяжы Еўрасаюза.
Мігрантаў з Бліжняга Усходу, Азіі і Афрыкі падманам заваблівалі ў Беларусь нібыта для больш лёгкага і даступнага маршруту ў Еўропу, аднак людзі ў выніку аказваліся ў пастцы між двух агнёў: краіны Еўрасаюза пачалі будаваць сцены і не пускалі мігрантаў, а рэжым Лукашэнкі ў той жа час спецыяльна падганяў людзей на пераход мяжы ЕС, не дазваляючы вяртацца і пагражаючы ім рэпрэсіямі.
Гэтыя спробы дэстабілізаваць мяжу хоць і зменшыліся па маштабе, але працягваюцца да гэтага часу. У лясах і балотах на захадзе Беларусі працягваюць знаходзіць трупы мігрантаў, а самі бежанцы часам адкрыта атакуюць заходніх памежнікаў.
Чытайце таксама:
Хваля эміграцыі ў 2021—2023 гадах — самая вялікая ў гісторыі Беларусі. Лічбы
У Польшчы затрымалі арганізатара нелегальнай міграцыі з Беларусі