Што рабіць чалавеку, калі яго атакуе варона?
Зараз пачаўся сезон, калі дарослыя шэрыя вароны могуць паводзіцца агрэсіўна. Іх птушаняты выскокваюць з гнязда, але пакуль яшчэ не лётаюць. Бацькі ахоўваюць іх: гучна каркаюць, калі людзі праходзяць побач, а часам нават атакуюць. Як трэба сябе паводзіць у такіх сітуацыях, раіць тэлеграм-канал «Дзікая прырода побач».
28.05.2023 / 11:11
Подлетак шэрай вароны
Па-першае, не трэба надта хвалявацца: варона не можа сур’ёзна параніць чалавека, хіба толькі падрапае скуру. А каркаць і нападаць на варон у адказ не трэба.
Замест гэтага варта агледзецца: можа, каля дарогі ці сцежкі ў траве сядзіць птушаня. Тады можна перанесці яго на 20—30 метраў далей ад людзей.
Рабіць гэта, аднак, трэба асцярожна, бо вароны будуць нападаць, калі чалавек возьме птушаня ў рукі. Таму трэба захінуць галаву парасонам або прыкрыць шапкай ці капюшонам. Хвалявацца за лёс птушаняці не трэба: яно не згубіцца, бацькі яго знойдуць.
У Аўстраліі, дарэчы, месца гнездавання агрэсіўных мясцовых сарок на час вылету птушанят адмыслова адзначаюць у гарадах, каб людзі ведалі гэта і абыходзілі такія месцы.
Увогуле ж, сутыкнуўшыся з парай нервовых варон-бацькоў, варта ведаць: праз 3—4 дні яны самі пакінуць твой двор.
Птушанятам варон, якіх у вывадку бывае да пяці, патрэбна ўсяго некалькі дзён, каб навучыцца лётаць.
Чытайце таксама:
Варта прыглядацца да птушак на палях. Магчыма, атрымаецца зафіксаваць сенсацыю
На Гомельшчыне заўважылі вельмі рэдкую для Беларусі птушку
Птушкі нярэдка сутыкаюцца з шыбамі, асабліва падчас міграцый. Як ім памагчы ўратавацца?