TikTok расце, Google дамінуе, а «Яндэкс» губляе пазіцыі. Якія яшчэ асноўныя трэнды байнэту?
З'явіўся спіс трэндаў беларускага інтэрнэту. Аказваецца, TikTok даганяе Instagram, рэкламы робіцца ўсё больш, а Google ўсё яшчэ самы буйны гулец на рынку. Таксама сталі вядомыя сярэднія заробкі SMM-спецыялістаў, капірайтараў і маркетолагаў у Беларусі. Пра ўсё гэта расказалі на Digital day Belarus — 2023, піша «Маланка.Media».
28.05.2023 / 09:39
У Беларусі ўсё яшчэ няма нацыянальнага вымяральніка інтэрнэту. Пра гэта часта гавораць, але такая інавацыя абыдзецца дзяржаве ў больш чым мільён даляраў. Прытым не факт, што ўкладанні акупяцца. Таму адзінай магчымасцю зразумець, чым жыве беларускі інтэрнэт, застаецца Digital day Belarus — 2023.
Расійскі сэрвіс аналітыкі JagaJam зрабіў аналіз паводзінаў беларусаў у інтэрнэце і высветліў, што бізнэс вельмі актыўны ў сацсетках.
Калі ўзяць усе беларускія акаўнты, то яны маюць 771 млн падпісчыкаў. Самыя папулярныя сеткі пры гэтым — Instagram, YouTube, «ВКонтакте» і TikTok. Facebook вельмі адстае (у адрозненне ад Еўропы, дзе ён вельмі папулярны).
Таксама цяпер асноўны рухавік інтэрнэту — моладзь і дзеці. Топ тэм, якія цікавяць беларусаў, — «стыль жыцця» і «шоу ды гумар».
Цікава, што аналітыкі JagaJam расказалі пра вялікі адток беларускіх акаўнтаў у Расію. У многіх беларусаў цяпер большая частка падпісантаў— гэта расійская аўдыторыя. Вялікая колькасць блогераў жыве на 2—4 краіны.
Калі казаць пра камерцыйныя акаўнты, то ў топе ўсе з беларускімі каранямі. У асноўным гэта гульні, але ёсць і сур'ёзны бізнэс, не звязаны з інтэрнэтам.
Што тычыцца тэндэнцый байнэту, то хутчэй за ўсё расце TikTok. Па праглядах ён даганяе Instagram.
Таксама больш людзей пачынаюць працаваць у маркетынгу, рэкламе і PR. SMM-менеджар у першыя пяць месяцаў сваёй працы ў сярэднім зарабляе 1020 рублёў (з магчымымі прэміямі). Калі гаварыць пра працу з кампаніямі, то сярэдні заробак ад 500 да 2000 рублёў. У капірайтараў прыкладна тая ж сітуацыя.
У беларускім інтэрнэце па-ранейшаму дамінуе Google. Паводле ацэнкі дырэктара і сузаснавальніка Webcom Group Сяргея Царыка, доля амерыканскага гіганта ў 2022 годзе падрасла да 62%. Другое месца займае Meta з рэйтынгам 18%. У той жа час «Яндэкс» усё больш губляе папулярнасць — 15%, і гэта на 4% менш, чым летась.
Царык упэўнены, што кардынальных змен у найбліжэйшы час не будзе. Але, праўда, ён зрабіў агаворку, што ніхто не можа прадказаць нечаканых змен ва ўмовах працы сэрвісаў у Беларусі і Расіі.
Чытайце таксама:
Што хвалюе беларускую моладзь і колькі з іх хочуць заставацца ў краіне
Вось якія новыя тэхналогіі найбольш запатрабаваныя немаладымі людзьмі