Украінскі вайсковы эксперт упэўнены, што полк Каліноўскага з лёгкасцю зойдзе ў Беларусь для звяржэння Лукашэнкі
«Думаеце, што калі нават шматлікая армія Расіі, што ваюе, не змагла спыніць украінскіх дыверсантаў у Белгарадзе, то ў беларускай арміі без рэальнага баявога досведу ёсць хоць нейкія шанцы?»
27.05.2023 / 19:13
Фота: полк Каліноўскага
Беларускія добраахвотніцкія атрады змогуць з лёгкасцю зайсці ў Беларусь для звяржэння рэжыму Лукашэнкі. Пра гэта ўкраінскаму агенцтву УНІАН 27 мая паведаміў вайскова-палітычны эксперт Аляксандр Каваленка.
На яго думку, Лукашэнка нездарма давярае сваім інстынктам і вельмі баіцца беларускіх добраахвотнікаў, якія зараз ваююць на баку Украіны. Асаблівы імпульс да гэтага страху дадала нядаўняя гучная вылазка дыверсійна-разведвальных груп на тэрыторыю Расіі.
Эксперт упэўнены, што ў выпадку паўтарэння падобнага сцэнара ў выкананні палка Каліноўскага ў дачыненні да Беларусі, уся «папяровая» абарона Лукашэнкі адразу ж рассыплецца.
«Працягласць граніцы Беларусі і Украіны складае 1084 кіламетры, пры гэтым участак мяжы паміж неакупаванымі часткамі Украіны і адміністрацыйнымі часткамі Расіі складае толькі 700 кіламетраў. Узнікае пытанне: калі 17 тысяч салдат арміі Расіі, што ваюе, не змаглі на сваім участку граніцы прадухіліць прарыў на фронце шырынёй 40 кіламетраў і глыбінёй 7 кіламетраў, то якія наогул шанцы па абароне 1000 кіламетраў мяжы ёсць у папяровых беларускіх салдат, якія пры гэтым ні разу не ваявалі?» — задаецца рытарычным пытаннем Аляксандр Каваленка.
Эксперт ацэньвае колькасць палка Каліноўскага амаль у тысячу байцоў (фактычна — дзве гатовыя батальённа-тактычныя групы), нягледзячы на наяўнасць беларускіх добраахвотнікаў і ў іншых украінскіх вайсковых фармаваннях. Пры гэтым на беларускай мяжы з Украінай знаходзіцца прыкладна дзве тысячы асабовага складу арміі Беларусі.
Аднак, на яго думку, нават калі ўсё беларускае войска стане на мяжы з Украінай, у яго ўсё адно не будзе таго, чаго празмерна хапае ў беларускіх добраахвотнікаў, — рэальнага баявога досведу.
«Таму пасля завяршэння вайны і пры наяўнасці фактару ўнутранай падтрымкі насельніцтва Беларусі беларускія добраахвотнікі змогуць перамагчы лукашэнкаўскіх сілавікоў і зламаць у краіне рэпрэсіўную машыну», — падагульняе Аляксандр Каваленка.
Нагадаем, што ў самым пачатку вайны да Украіны далучыліся беларускія добраахвотнікі, частка якіх пасля арганізавалася ў полк Каліноўскага. Беларускія байцы ваявалі і працягваюць ваяваць на самых гарачых участках фронту, здабываюць лакальныя перамогі, хоць, на жаль, часам нясуць страты.
Асноўная мэта беларускіх добраахвотнікаў — звяржэнне рэжыму Лукашэнкі шляхам дасягнення перамогі Украіны ў вайне супраць Расіі.
Чытайце таксама:
Байцы Палка Каліноўскага хітрасцю выклікалі агонь расіян па іх жа пазіцыях