Украіна атрымае ракеты AIM-9. Што гэта значыць?

Ракеты АІМ-9 прызначаюцца для вядзення паветранага бою, таму, хутчэй за ўсё, Украіна плануе падчас контрнаступу выкарыстоўваць авіяцыю.

28.05.2023 / 11:39

Ракета АІМ-9L. Фота: Wikimedia Commons

Пра гэта ў сваім відэастрыме расказаў вайсковы эксперт Алег Жданаў.

Пра пастаўкі гэтага віду ракет абвясціла міністарка абароны Канады. Ракеты АІМ-9 паступілі на ўзбраенне ВПС ЗША ў 1956 годзе. Гэта была першая ў свеце кіраваная ракета класа «паветра — паветра». З той пары ракета пастаянна ўдасканальвалася. Гэта адна з самых старых, самых танных і ўдалых ракет класа «паветра — паветра».

Ракета распрацаваная для выкарыстання падчас паветранага бою. Яе далёкасць першапачаткова складала 5 кіламетраў, а ў новых мадыфікацыях яна дасягае 35 кіламетраў.

Жданаў адзначае, што гэтая ракета самая масавая. На сёння іх было выпушчана каля 200 тысяч штук. Ракета мае галаўную частку, якая сама наводзіцца на цеплавы сілуэт цэлі.

АІМ-9 выкарыстоўваюцца практычна ўсімі знішчальнікамі заходняга ўзору. Яна знаходзіцца на ўзбраенні каля трыццаці краін. У той жа час ракета можа быць лёгка адаптаваная пад Су-27 і МіГ-29, якія мае на ўзбраенні Украіна.

Першая партыя, якую атрымае Украіна, налічвае 49 ракет. У далейшым, як лічыць эксперт, ракету могуць перадаваць па агульным спісе вайскова-тэхнічнай дапамогі ад краін-партнёраў.

Жданаў падкрэслівае, што перадача гэтых ракет гаворыць аб тым, што Украіна мяркуе ў часе контрнаступу весці паветраныя баі з авіяцыяй праціўніка.

Чытайце яшчэ:

«Кінжал» аказаўся блефам. Гэта будзе мець вялікія наступствы

ЗША пацвердзілі ўдзел у «кааліцыі знішчальнікаў». Дзяржавы абмяркуюць, калі даць F-16 Украіне

CNN: Украіна сапраўды ўжо выкарыстоўвала ракеты Storm Shadow

Антось Жупран