У Крамлі не пацвердзілі словы Лукашэнкі, што ядзерную зброю ўжо завозяць у Беларусь
Без каментароў пакінуў пытанне аб тым, ці сапраўды працэс перамяшчэння нестратэгічнай ядзернай зброі з Расіі на тэрыторыю Беларусі ўжо пачаўся, прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў, піша ТАСС.
26.05.2023 / 15:51
Дзмітрый Пяскоў. Фота: The Insider
25 мая Аляксандр Лукашэнка заявіў, што перамяшчэнне тактычнай ядзернай зброі з Расіі на тэрыторыю Беларусі ўжо пачалося, і Пяскова папрасілі пракаментаваць гэтую заяву.
Замест адказу Пяскоў расказаў, што Беларусь нібыта «сутыкаецца з вельмі недружалюбнымі, калі не сказаць больш — варожымі, — праявамі з боку суседніх для яе дзяржаў»:
«Гэта ўсё патрабуе ад нас далейшага развіцця нашых саюзніцкіх стасункаў, іх умацавання. Маюцца на ўвазе розныя галіны, у тым ліку і далейшае развіццё адносін у вайсковай сферы. Што мы і робім», — сказаў ён.
Калі ж Пяскова перапыталі, ці сапраўды працэс перамяшчэння нестратэгічнай ядзернай зброі з Расіі на тэрыторыю Беларусі ўжо пачаўся, ён адказаў, што ўжо «сказаў тое, што сказаў, па гэтай тэме», фактычна ўхіліўшыся такім чынам ад простага адказу.
Чытайце таксама:
Дзе размесцяць расійскую ядзерную зброю, выбух якой можа знішчыць цэлы горад?
Размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі не будзе азначаць рэальную эскалацыю з боку РФ — ISW