«Мае хлопцы загінулі ў мяне на вачах». Каліновец Дзяніс Урбановіч коратка расказаў пра бой у Бахмуце

У баях за Бахмут зноў атрымаў раненне старшыня «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч, які другі год ваюе ў складзе палка Каліноўскага супраць расійскіх агрэсараў ва Украіне.

19.05.2023 / 15:21

Пра раненне Урбановіча стала вядома 18 мая. 19 мая Дзяніс з дапамогай некалькіх допісаў праз тэлефон паразмаўляў са «Свабодай», ад працяглай гутаркі адмовіўся па стане здароўя.

«У мяне кантузія вачэй, чэрапна-мазгавая траўма і пашкоджанне калена. Цяпер у шпіталі. Але псіхалагічна мне цяжка — мае хлопцы загінулі ў мяне на вачах, а я нічога не мог зрабіць. Быў моцны бой», — напісаў Дзяніс Урбановіч.

Пра баі ў Бахмуце даходзіць супярэчлівая інфармацыя. Паводле звестак украінскіх афіцыйных крыніц, вайскоўцы УСУ прасунуліся наперад на поўначы і поўдні ад горада, а расійскія войскі нясуць вялікія страты.

Расійскія крыніцы заяўляюць, што рэгулярныя часці арміі РФ і падраздзяленні ПВК «Вагнер» працягваюць наступ з мэтай завалодаць усім горадам.

У пачатку мая Дзяніс Урбановіч расказваў, што баі за Бахмут не сціхаюць; да расійскай артылерыі, якая працягвае знішчаць горад, далучылася і авіяцыя, абодва бакі нясуць страты, але «страты расіян значна большыя».

Чытайце таксама:

Дзяніс Урбановіч атрымаў чацвёртае раненне. У Бахмуце

З'явіліся падрабязнасці гібелі каліноўцаў у Бахмуце: «чацвёра засталіся пад заваламі»

Nashaniva.com