Сёння ў Мінску некалькі хвілін бачылі гіганцкі фантан памерам са шматпавярховік. Што гэта было?
Велізарны фантан вышынёй са шматпавярховік некалькі хвілін біў сёння каля гандлёвага цэнтра Globo на вуліцы Уманскай. Мінакі здымалі яго на відэа. Што гэта было, агенцтва «Мінск-Навіны» пацікавілася ў намесніка галоўнага інжынера філіяла «Мінскія цеплавыя сеткі» РУП «Мінскэнерга» Андрэя Жэшкі.
17.05.2023 / 18:50
«Філіялам праводзіліся гідраўлічныя выпрабаванні цеплавой магістралі № 47. Яна праходзіць уздоўж праспекта Дзяржынскага, вуліц Акрэсціна, Грушаўская і Уманская», — адказаў Жэшка. — Выпрабаванні выявілі шэраг пашкоджанняў сеткі. Вось на Уманскай мінчукі бачылі наступствы аднаго з іх».
Андрэй Жэшка запэўніў, што ўсе пашкоджанні ліквідуюць у самыя кароткія тэрміны. Пры гэтым спажыўцы раёна не пацярпелі, бо ў іх і так гарачай вады з-за планавых выпрабаванняў часова цяпер няма. А такія выпрабаванні якраз і дазваляюць выявіць дэфекты, каб не было «сюрпрызаў» пасля.
Паводле яго слоў, сённяшні інцыдэнт — не тыповы, але часам пры выпрабаваннях цепласетак бывае і такое. А таксама нагадаў, што калі хтосьці бачыць вось такі «фантан» ці, напрыклад, правал грунту, то трэба інфармаваць камунальныя службы.
Сёння энергетыкі адрэагавалі аператыўна, перакрыўшы ваду праз 10—15 хвілін.
Чытайце таксама:
У Мінску качку з качанятамі выклікалі ў Следчы камітэт ВІДЭА
На мінскім скрыжаванні адбылася аўтааварыя са смяротным канцом