«У яго няма ніякай агрэсіі да рэжыму». Палітвязень, які сядзеў з Эдуардам Бабарыкам, расказаў пра яго
Былы камерцыйны дырэктар сеткі мінскіх кінатэатраў і экс-палітзняволены Аляксандр Дземідовіч летась правёў больш за два месяцы ў адной камеры з Эдуардам Бабарыкам у СІЗА на Валадарскага. «І, як бы ні гучала дзіка, але гэта былі найлепшыя тыдні ў маім жыцці», — напісаў ён. Аляксандр Дземідовіч расказаў «Нашай Ніве», як на яго паўплывала знаёмства з Эдуардам і што з Бабарыкам-малодшым адбываецца за кратамі.
16.05.2023 / 17:13
Калі Аляксандра адправілі ў СІЗА на Валадарскага, ён падумаў, што было б класна трапіць у камеру да Эдуарда. Неймаверна, але так і атрымалася.
«Знаёмства з ім на мяне вельмі моцна паўплывала: на мой характар і стаўленне да ўсіх турэмных прыгод. Яно мне дапамагло ўсё гэта перажыць.
Эдзік адразу ўзяў шэфства над мной, як трэба ставіцца да часу, які праводзіш у зняволенні. Нельга настройвацца суперпазітыўна, трэба ацэньваць тое, што адбываецца, рэальна і максімальна эфектыўна выкарыстоўваць час. Сам ён актыўна займаецца самаадукацыяй, шмат чытае, надае ўвагу духоўнаму развіццю. Ініцыюе дыскусіі на нейкія тэмы. Гэта моцна дапамагае настроіцца, спакойна перанесці гэта», — расказвае ён.
Калі Аляксандр знаходзіўся ў СІЗА, справу на Эдуарда Бабарыку яшчэ не склалі.
«Таму і знаёміцца яму не было з чым. Проста перыядычна прыязджалі да яго следчыя», — кажа ён.
Месяцы, якія Аляксандр правеў у СІЗА, па словах мужчыны, былі самымі лепшымі ў яго жыцці.
«І такімі іх зрабіў Эдуард. Многія бізнэсмены гатовыя плаціць за такі інтэнсіў. Узнікае ж інфармацыйны дэтокс, ты цалкам сканцэтрыраваны на самаразвіцці, абмене досведам, ведамі», — кажа ён.
Аляксандр Дземідовіч. Фота: сацсеткі
З Эдуардам Бабарыкам Аляксандр шмат гаварыў пра будучыню Беларусі.
«Яго цікавіла тэма развіцця тэлебачання. Абмяркоўвалі тэму стаўлення да жанчын і іх ролю ў грамадстве, адукацыю, практыкавалі англійскую мову. Кожны вечар гадзіну разважалі на англійскай.
Для Эдуарда важныя сацыяльныя праекты. Яшчэ да выбараў іх было шмат, ён паказваў, што нават на сацыяльных праектах можна зарабляць грошы, быць паспяховым. І вось калі мы абмяркоўвалі тэму будучага тэлебачання альбо тэму размеркаванага даходу, ты атрымліваеш адказ канструктыўнага крытыка, якія добра бачыць гэта з боку», — расказвае ён.
У зняволенні Эдуард шмат надае часу ментальнаму здароўю. Часта робіць адпаведныя практыкі.
«Напрыклад, у адзін з дзён ён ішоў у маўчанне, не размаўляў ні з кім, — згадвае Аляксандр. — Усе астатнія да гэтага прыстасоўваліся, таксама сыходзілі ў такое паўмаўчанне, каб не парушыць спакой Эдзіка. Так выяўлялася эмпатыя.
Людзі, якія ўпадаюць там у дэпрэсію, засмучэнне, як правіла, дрэнна заканчваюць. Могуць пачацца псіхічныя расстройствы, праблемы са здароўем. Калі аб'ектыўна разумееш сітуацыю, настроены на развіццё, то няма гэтай маркоты».
Таксама Эдуард шмат займаецца спортам.
«Зрабілі ў камеры з падручных матэрыялаў трэнажорную залу. Бутэлькі напаўняюць вадой, кладуць у вялікія пакеты і паднімаюць, займаюцца такім чынам.
Калі я туды прыйшоў, сталі рабіць «вакуум»: гэта дыхальная практыка, якую выконваюць раніцай на галодны страўнік. Фактычна ўнутраны масаж органаў.
У дворыку Валадаркі мы пачалі бегаць, перад вячэрай стаялі ў планцы. Эдзік у ідэальнай фізічнай форме дзякуючы імправізаванай трэнажорнай зале ў камеры, бегу ў дворыках, ёзе», — кажа ён.
Па словах Аляксандра, у Эдуарда Бабрыкі няма азлобленасці на ўладу, наглядчыкаў.
«Глядзіць на гэта ўсё з боку. У яго няма ніякай агрэсіі ў дачыненні да рэжыму, да наглядчыкаў. Проста разумее, што ён закладнік гэтай сітуацыі, і максімальна эфектыўна імкнецца выкарыстаць гэты час», — тлумачыць Аляксандр.
Спачатку Эдуарду прыходзіла шмат лістоў, пасля палітзняволенаму сталі адразаць карэспандэнцыю.
«У яго ёсць вялікая сумка, у якой захоўваецца ўся перапіска. Помню, як цудам да яго дабраўся ліст ад нейкай дзяўчыны, які быў пазначаны нумарам 21. То-бок яна адпраўляла лісты 20 разоў, іх усе не прапускалі, а вось на 21-ы дайшоў. Для яго гэта быў кранальны момант.
У яго былі цёплыя адносіны з яго дзяўчынай, Сашай Зверавай, я бачыў, што ад яе да яго прыходзілі лісты. Кожны раз, калі ён іх атрымліваў, было бачна, што яму не проста цікава іх чытаць, а ён вельмі трапятліва ставіцца да гэтых лістоў».
За два месяцы ў СІЗА Аляксандр прачытаў 14 кніг. Некаторыя з іх — па рэкамендацыі Эдуарда.
«Здаецца, у мяне ніколі не было такой высокай прадукцыйнасці, — гаворыць ён. — Ён раіў «Шантарам» Грэгары Дэвіда Робінса, «Скажы жыццю «Так» Віктара Франкла, «Найлепшае ў нас. Чаму гвалту ў свеце стала менш» Стывена Пінкера».
Суд над сынам Віктара Бабарыкі пачнецца 22 мая. За кратамі ён знаходзіцца амаль тры гады — з 18 чэрвеня 2020 года.
Эдуарда Бабарыку будуць судзіць за ўхіленне ад выплаты падаткаў, легалізацыю сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, дапамогу ў арганізацыі масавых беспарадкаў і распальванні варожасці. Праваабаронцы адмятаюць гэтыя абвінавачванні як палітычна матываваныя, лічаць, што Бабарыку-сына арыштавалі для ціску на Бабарыку-бацьку.
Чытайце таксама:
Віктара Бабарыку нідзе не могуць знайсці — штаб
Стала вядома дата суда над Эдуардам Бабарыкам
Былы палітвязень з наваполацкай калоніі расказаў, якога кампрамісу патрабавалі ад Бабарыкі