Беларусаў не дапускаюць да марафону ў Вільні без асуджэння агрэсіі

27 мая ў Вільні пройдзе паўмарафон. Беларусам, каб трапіць на яго, трэба выканаць пэўныя ўмовы.

17.05.2023 / 16:48

Фота: pixabay.com

На марафон паспрабаваў зарэгістравацца чытач «Нашай Нівы» Андрэй — айцішнік, які пераехаў у Вільню пасля пачатку вайны. Ужо некалькі гадоў мужчына займаецца бегам, і цяпер ён вырашыў паспрабаваць сябе на Віленскім паўмарафоне 27 мая.

Беларус расказвае, што рэгістраваўся на забег загадзя, у пачатку красавіка. А потым атрымаў ліст, што для беларусаў і расіян уводзяцца абмежаванні: «Ёсць папера ад Федэрацыі лёгкай атлетыкі Літвы пра тое, што прафесійныя спартсмены не могуць удзельнічаць у масавых лёгкаатлетычных спаборніцтвах у краіне пад сцягам Расіі ці Беларусі, і калі яны раптам патрапяць у прызы, гэтыя прызы ім не ўручаць. Таксама там было прапісана, што, каб удзельнічаць у паўмарафоне, грамадзяне Расіі ці Беларусі павінны мець дазвол на жыхарства ў Літве».

Гэтая сітуацыя, расказвае Андрэй, амаль не адрозніваецца ад паўмарафону ў мінулым годзе, калі таксама нельга было выбраць пры рэгістрацыі Беларусь, але тады не патрабавалася мець ДНЖ. Можна было пазначыць падчас рэгістрацыі, што ты міжнародны ўдзельнік або жывеш у Літве, атрымаць перад забегам свой нумар і спаборнічаць.

Але селета да ўмоў дадалося патрабаванне напісаць арганізатарам ліст, у якім удзельнікі-беларусы мусілі б патлумачыць, як яны ставяцца да вайны ва Украіне.

У Андрэя такое патрабаванне выклікала спрэчныя пачуцці:

«Разумею, калі падчас падачы дакументаў на дазвол на жыхарства табе даюць анкету, у якой трэба пазначыць тваё стаўленне да вайны і прыналежнасці Крыма, і гэта быццам будуць улічваць. Потым гэтая папера можа паўплываць на тое, што табе дадуць дакументы і ты атрымаеш права на жыхарства ў краіне. Але гэта ліст ад арганізатараў забегу, у якім удзельнічае шмат аматараў, у тым ліку і беларусы. Яны збольшага трапілі сюды праз пераслед ці праз невыносныя ўмовы жыцця на радзіме, і тут іх просяць, маўляў, напішыце, што вы не вярблюд.

Я так разумею, што калі ўжо здараюцца такія выпадкі, калі цікавяцца нашым стаўленнем да вайны ўжо не на дзяржаўным узроўні, а на ўзроўні пэўнай арганізацыі, то наступным крокам можа быць тое, што будуць пытацца гэта ж самае на ўваходзе ў краму. А то і жоўтую зорку прыйдзецца нашыць, калі ты беларус».

Мы звярнуліся да арганізатараў паўмарафону па каментар, але пакуль што не атрымалі адказу.

14 сакавіка Літоўская федэрацыя лёгкай атлетыкі прыняла дэкларацыю па ўдзеле грамадзян Расіі і Беларусі ў масавых атлетычных спаборніцтвах. Рашэнне літоўскіх спартовых чыноўнікаў несуцяшальнае для гэтых атлетаў. Паводле яго, у адпаведных турнірах могуць браць удзел толькі тыя грамадзяне Расіі і Беларусі, якія маюць літоўскі ДНЖ, пры гэтым у дакументах і пратаколах спаборніцтваў нельга пазначаць грамадзянства гэтых атлетаў, таксама як і забаронена рэгістраваць іх у базе даных Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных спаборніцтваў.

Беларус-пастар выйграў вялікі забег у Польшчы. Пасля гэтай гутаркі вы яго дакладна палюбіце

Кітаец прабег марафон за 3,5 гадзіны, хоць курыў усю дыстанцыю

Які найлепшы час для сняданку, калі зранку вы займаецеся спортам?

Вера Белацаркоўская