Выкладанне беларускай мовы ў беларускіх ліцэях на Падляшшы могуць зрабіць факультатыўным. Беларусы пратэстуюць

Падляшская кураторыя асветы патрабуе ад кіраўніцтва ліцэяў з дадатковым навучаннем беларускай мове ў Гайнаўцы і Бельску-Падляшскім ўнесці змены ў свае статуты, якія зробяць вывучэнне беларускай мовы неабавязковым.

16.05.2023 / 20:19

Будынак другога агульнадукацыйнага ліцэя з дадатковым вывучэннем беларускай мовы ў Гайнаўцы. Фота: Wikimedia Commons

Пра гэта піша карэспандэнт польскай газеты Wyborcza.

На сёння ў Польшчы толькі ў ліцэях (чатырохгадовая школа, другая ступень школьнай адукацыі) з дадатковым вывучэннем беларускай мовы ў Гайнаўцы і Бельску-Падляшскім усе вучні наведваюць заняткі па беларускай мове і культуры, а таксама здаюць выпускны экзамен па гэтай мове. Абедзве ўстановы маюць больш за семдзесят гадоў гісторыі. У Бельску-Падляшскім беларускамоўная школа працуе з 1944-га, у Гайнаўцы — з 1949-га.

Беларусы жывуць на Падляшшы і Сакольшчыне адвеку. У першай палове ХХ стагоддзя па-беларуску тут размаўлялі і праваслаўныя, і каталікі. Цяпер беларускую ці падвойную самасвядомасць захавалі пераважна праваслаўныя. Паводле даных перапісу 2011 года, беларусамі назвалі сябе амаль 44 тысячы грамадзян Польшчы. Даных перапісу 2021 года пакуль няма.

Аўтар нагадвае, што зыходзячы з артыкула 35 Канстытуцыі Рэспублікі Польшча, забеспячэнне членам меншасцей свабоды захоўваць і развіваць сваю ўласную мову, захоўваць звычаі і традыцыі і развіваць сваю ўласную культуру і, такім чынам, у шырокім разуменні этнічную і нацыянальную самасвядомасць, з'яўляецца абавязкам дзяржаўнай улады.

Рэалізацыя права людзей, якія належаць да меншасцей, «вывучаць мову меншасці або на мове меншасці» і іх права «вывучаць гісторыю і культуру меншасцяў» адбываецца на ўмовах і ў парадку, вызначаным у Законе аб сістэме адукацыі ад 7 верасня 1991 года.

Закон аб сістэме адукацыі прадугледжвае, што школы і дзяржаўныя ўстановы «даюць магчымасць вучням захоўваць сваю нацыянальную, этнічную, моўную і рэлігійную самабытнасць, у прыватнасці, вывучаць мову і ўласную гісторыю і культуру». Пытанні адукацыі меншасцей рэгулююцца падрабязна міністэрскімі пастановамі.

Як адзначаецца ў артыкуле, з лістапада мінулага года прадстаўнікі Падляшскай кураторыі асветы (пол. — Kuratorium Oświaty) і Міністэрства адукацыі і навукі аказваюць ціск на дырэктараў гэтых школ, каб яны ўнеслі змены ў статуты. Гэтыя змены дазволяць зрабіць беларускую мову факультатыўным прадметам па жаданні.

Як сцвярджае аўтар, у лісце, які нядаўна атрымаў дырэктар ліцэя ў Гайнаўцы Ігар Лукашук ад кіраўніка Падляшскай кураторыі асветы, гэта абгрунтоўваецца тым, што два абзацы аднаго з артыкулаў статута нібыта супярэчаць Закону аб сістэме адукацыі 1991 года, у які ў 2022 годзе былі ўнесеныя змены, і пастанове Міністэрства адукацыі і навукі ад жніўня 2017 г. аб умовах і парадку выканання дзіцячымі садкамі, школамі і грамадскімі ўстановамі задач, якія дазваляюць падтрымліваць пачуццё нацыянальнай, этнічнай і моўнай самасвядомасці навучэнцаў, што належаць да нацыянальных і этнічных меншасцяў і супольнасцяў, якія карыстаюцца рэгіянальнай мовай.

Аўтар прыводзіць гэтыя два абзацы: «У школе ўсе вучні навучаюцца беларускай мове як роднай мове беларускай меншасці» і «Вывучэнне роднай мовы беларускай меншасці ўваходзіць у лік абавязковых адукацыйных мерапрыемстваў».

У артыкуле распавядаецца пра дыскусію, якая разгарнулася на адным з апошніх пасяджэнняў павятовай рады.

На ёй супрацоўнік беластоцкага аддзела Інстытута нацыянальнай памяці Багуслаў Лабэндзкі (Bogusław Łabędzki) выказаў меркаванне, што «гэта павінна быць польская школа, з дадатковым вывучэннем беларускай мовы для ўсіх дзяцей нашага горада». Абапіраючыся на пастанову Міністэрства адукацыі і навукі ад жніўня 2017 года, ён заяўляе, што выкладанне мовы меншасці (у гэтым выпадку беларускай) павінна быць арганізаванае ў гэтых ліцэях на аснове пісьмовай заявы бацькоў навучэнцаў або саміх паўналетніх навучэнцаў «на добраахвотнай аснове, а не ў абавязковым парадку для ўсіх навучэнцаў», як гэта вынікае са статута школы. А выпускны экзамен не можа быць абавязковым.

У абарону школы на тым пасяджэнні выказаўся старшыня павятовай рады і былы дырэктар беларускага ліцэя Яўген Сачко (Eugeniusz Saczko). Ён заўважыў, што юрыдычныя трактоўкі пастановы 2017 года могуць быць розныя. Так, прафесары Анджэй Саковіч (Andrzej Sakowicz) і Матэвуш Піліч (Mateusz Pilich) з юрыдычнага факультэта Універсітэта ў Беластоку лічаць, што дзяржаўныя школы абавязаныя даць магчымасць вучням захоўваць пачуццё нацыянальнай, этнічнай, моўнай і рэлігійнай ідэнтычнасці. Што ліцэй у Гайнаўцы ў адпаведнасці са сваім статутам і робіць.

Сачко таксама нагадаў пра пазіцыю, якую ўжо выказвала на гэты конт педагагічная рада ліцэя: гэтая школа была створана з улікам беларускай меншасці ў Польшчы і на працягу дзесяцігоддзяў «пастаянна праводзіць дзейнасць па падтрыманні беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці», у тым ліку, шляхам далучэння ўсіх вучняў да беларускай мовы, а таксама гісторыі і культуры беларускай меншасці».

Педагагічная рада ліцэя ў сваёй пастанове таксама адзначыла, што наступствам дзеянняў па змене статута школы «можа быць не толькі знішчэнне спадчыны многіх пакаленняў», звязанай з самім ліцэем, але і «ўсяго асяроддзя беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы».

Аўтар артыкула звяртае ўвагу на тое, што педагагічная рада ў сваім звароце просіць не прадпрымаць дзеянняў, якія б знішчылі характар ліцэя, абапіраюцца на пазіцыю бацькоўскай рады ліцэя, якая была агучаная ў лістападзе 2022 года.

Святкаванне Дня волі ў беларускім ліцэі Гайнаўкі. Фота: Радыё «Рацыя»

У публікацыі адзначаецца, што ў падтрымку ліцэяў у Гайнаўцы і Бельску-Падляшскім, акрамя іх дырэктараў, выступае старшыня Абʼяднання для дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову, «АБ-БА» Тамаш Герасімюк (Tomasz Gierasimiuk), старшыня Беларускага гістарычнага таварыства прафесар Алег Латышонак (Oleg Łatyszonek) і старшыня Беларускага саюза ў Польшчы Яўген Вапа (Eugeniusz Wappa).

У іх сумеснай заяве, якая нядаўна была апублікаваная, і якую цытуе выданне, адзначаецца: «Прадстаўнікі ўстановы і беларускай нацыянальнай меншасці неаднаразова спрабавалі паразмаўляць з прадстаўнікамі ўпраўлення адукацыі і Міністэрства адукацыі і навукі, каб пераканаць іх, што рашэнні, якія яны прасоўваюць, падарвуць асновы існавання і місіі школы і прывядуць да фактычнай ліквідацыі ліцэя ў яго цяперашнім выглядзе. На жаль, чыноўнікі застаюцца глухімі да нашых зваротаў і аргументаў».

Аўтары звароту згадваюць сітуацыю, якая ўтварылася ў падобным ліцэі ў Бельску-Падляшскім. Там у верасні 2022 года большасць вучняў чацвёртых класаў, скарыстаўшыся рашэннем Міністэрства адукацыі і навукі, адмовіліся ад вывучэння беларускай мовы. Гэта было на хвалі сітуацыі з вайной і мігранцкім крызісам.

Нягледзячы на заканадаўчае патрабаванне здаваць выпускны экзамен па беларускай мове ў такой школе, гэтыя вучні з дазволу школьнай рады не здавалі выпускны экзамен па гэтай мове без якіх-небудзь наступстваў для сябе. «Гэта перапыніла некалькі дзесяцігоддзяў традыцыі школы і прывяло да разбурэння яе ўнікальнага характару», — адзначаецца ў заяве.

Аўтары заявы падкрэсліваюць: «Мы не можам дапусціць, каб рашэнні зверху, якія прымаюцца насуперак просьбам і заклікам асяроддзя, пахавалі некалькі дзясяткаў гадоў працы, затармазілі развіццё і на практыцы прывялі да знішчэння адукацыі беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы. Таму мы заклікаем спыніць дзеянні, накіраваныя на змяненне характару выкладання беларускай мовы ў ліцэях Гайнаўкі і Бельска-Падляшскага».

У артыкуле адзначаецца, што справай зацікавілася і лідарка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская. Аўтар цытуе вытрымку з яе ліста да міністра адукацыі і навукі Пшэмыслава Чарнэка (Przemysław Czarnеk): «Змена характару ліцэяў у Бельску-Падляшскім і Гайнаўцы і іх ліквідацыя як школ для беларускай меншасці будзе мець негатыўны водгук сярод беларускіх незалежных эліт і, безумоўна, будзе выкарыстоўвацца прапагандай сілавога апарату Лукашэнкі».

Ад рэдакцыі. На сайце petycjeonline.com ідзе збор подпісаў пад петыцыяй да Падляскай кураторыі асветы і Міністэрства адукацыі і навукі з просьбай захаваць цяперашні характар адукацыі беларускай меншасці ў Польшчы. Яе ўжо падпісалі 15 беларускіх арганізацый.

Чытайце яшчэ:

Алег Латышонак: Мы верым, што дыяспара падхопіць наш сцяг

Перавагі беларускай мовы вачыма маладога ліберала

Даступнасць і дыскрымінацыя беларускай мовы ў Беларусі: вынікі новага апытання

Антось Жупран