Памёр Хрыстафор Жаляпаў

Рух «За Свабоду» ў сябе ў сацсетках паведаміў пра смерць свайго сябра, віцебскага грамадскага актывіста Хрыстафора Жаляпава. Ён чатыры дні не дажыў да свайго 74-годдзя.

15.05.2023 / 16:50

Хрыстафор Жаляпаў быў стваральнікам і кіраўніком віцебскага грамадскага аб'яднання «Самакіраванне і грамадства». Гэтая арганізацыя праіснавала больш за 11 гадоў і рэальна дапамагала мясцовым уладам, асабліва рэгіянальным саветам дэпутатаў, развіваць мясцовае ўпраўленне і самакіраванне ўсімі даступнымі законнымі спосабамі. Яно было таксама адным з цэнтраў аб'яднання віцебскай дэмакратычнай супольнасці.

Як і сотні іншых грамадскіх арганізацый, гэтае аб'яднанне ў верасні 2022 года было ліквідаванае рэжымам Лукашэнкі.

«Хрыстафор Жаляпаў быў генератарам ідэй, стваральнікам і рухавіком шматлікіх грамадскіх ініцыятыў Віцебшчыны. Сапраўдным грамадзянінам, які да апошніх дзён думаў не пра сябе, а пра іншых, глыбока перажываў і прапускаў праз сябе ўсе нягоды, якія абрынуліся на Беларусь», — напісалі калегі Жаляпава.

«Ад сярэдзіны 90-х Хрыстафор быў лідарам грамадзянскай супольнасці Віцебшчыны, узначальваў Цэнтр падтрымкі грамадскіх ініцыятываў. Дзякуючы яму віцебскі «трэці сектар» стаў адным з самых развітых і цікавых у краіне. Шчыры, разумны, неабыякавы, нястомны балгарын з беларускім сэрцам», — сказаў выданню «Позірк» сябар Жаляпава, экс-кандыдат у прэзідэнты і былы кіраўнік Руха «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.

Ён упэўнены, што імя Жаляпава «застанецца ў гісторыі змагання за еўрапейскую вольную Бацькаўшчыну».

Акрамя сяброўства ў Руху «За Свабоду», Жаляпаў таксама быў сябрам Сойму Партыі БНФ.

Развітанне з Хрыстафорам Жаляпавым адбудзецца 17 мая.

Чытайце таксама:

Памёр Іосіф Бойса

У зняволенага палітыка Мікалая Казлова памерла маці

У калоніі памёр палітвязень — пінскі блогер Мікалай Клімовіч

Nashaniva.com