Анлайн-гіпермаркет у тэлеграме. Якія тавары з Еўропы беларусы прадаюць у чатах і наколькі цэны адрозніваюцца ад таго, што ў краме
Пральныя парашкі, бытавая тэхніка, лекі, алкаголь — толькі частка імпартных тавараў, якія можна набыць з дастаўкай па Беларусі праз адмысловыя каналы ў тэлеграме.
16.05.2023 / 11:30
Фота: тут і далей — скрыншот з тэлеграм-канала «Товары из Польши / Европы»
У адмысловым тэлеграм-канале, прысвечаным продажу тавараў з Еўропы, амаль 50 тысяч удзельнікаў. Набыць у ім можна не толькі традыцыйныя каву, бытавую хімію і адзенне.
Сярод даволі папулярных прапаноў — БАДы і вітаміны.
Адзін з такіх прадаўцоў мае ў продажы каля 40 разнастайных БАДаў і вітамінаў, якія па ўсёй бачнасці былі прывезены з Польшчы.
Ёсць і асобныя прапановы для цяжарных і кормячых мам.
Хапае ў продажы разнастайных прысмакаў. А каву ў некаторых прадаўцоў можна набыць адразу па 10 пачак у арыгінальным корабе.
Часцей за ўсё ў канале трапляюцца аб'явы ад прадаўцоў з Мінска, Гродна, Брэста і Ліды. Але часам сустракаюцца і абʼявы з больш аддаленых ад заходняй мяжы гарадоў. Напрыклад, з Гомеля і Салігорска.
Цікава, што ў канале ёсць шэраг прадаўцоў, якія займаюцца продажам алкагольных напояў. Амаль усе бутэлькі ў продажы былі набыты ў Duty Free. За рэдкім выключэннем бутэлькі без якіх-небудзь акцызных марак.
Есць і тыя, хто спецыялізуецца на таварах з IKEA.
Яшчэ адна папулярная група тавараў — аўтамабільныя алівы.
Таксама хапае аб'яў аб продажы абутку. Часцей за ўсё ў канале прадаюць красоўкі.
Тавары прапануюць высылаць звычайнай поштай або еўрапоштай.
Шэраг карыстальнікаў канала прапануюць свае паслугі па куплі і дастаўцы ў Беларусь тавараў на замову з папулярных польскіх інтэрнэт-крам. Абяцаны тэрмін дастаўкі 10-14 дзён.
Як адрозніваюцца цэны на каву і прысмакі?
Каву Dallmayr Prodomo ў тэлеграме прадаюць па 20 рублёў за 500-грамовы пачак. Для параўнання, на сайце edostavka.by па акцыйнай цане яго можна набыць па 23,95 рубля. Звычайная цана на гэтую каву складае 26,62 рубля. Каву Lavazza у зернях праз тэлеграм прадаюць па 44 рублі за кілаграм, а на «Е-дастаўцы» яна каштуе 54,55 рубля.
Скрыншот з сайта edostavka.by
Цукеркі Rafaello праз тэлеграм можна набыць за 18 рублёў, а ў беларускай інтэрнэт-краме аналагічны пачак каштуе 28 рублёў.
Красоўкі New Balance прадаюць па 230 рублёў за пару. Прадавец у апісанні запэўнівае, што гэта арыгінал набыты ў фірмовай краме New Balance у Польшчы. У беларускай афіцыйнай краме New Balance цэны на красоўкі пачынаюцца ад 430 рублёў.
Пяць літраў маторнага алею Elf Evolution 900 NF 5W-40 праз тэлеграм прадаюць за 125 рублёў, у інтэрнэт-крамах цэны на яго пачынаюцца са 144 рублёў. Motul 8100 X-cess 5W40 прадаюць па 135 рублёў за 4 літры, у беларускіх крамах цэны — ад 189 рублёў.
Адзначым, што тэлеграм — не адзіная пляцоўка, праз якую ў Беларусі прадаюць тавары шэрым шляхам завезеныя ў краіну.
Падобныя аб'явы (апроч алкаголю) можна адшукаць на розных папулярных барахолках. Таксама хапае і тых, хто гандлюе адзеннем і іншымі таварамі праз інстаграм.
З прыходам цяпла актывізаваліся чаўнакі-веласіпедысты. Колькі яны зарабляюць за некалькі гадзін?