Прыгожын прапаноўваў ГУР здзелку: УСУ адводзяць войскі ад Бахмута, а Прыгожын здае расійскія пазіцыі для атакі — CМІ
У канцы студзеня кіраўнік «ПВК Вагнер» Яўген Прыгожын звярнуўся да суразмоўцаў ва ўпраўленні вайсковай разведкі Украіны, з якімі ён падтрымліваў сакрэтную сувязь падчас вайны, і прапанаваў даць Кіеву інфармацыю пра пазіцыі расійскіх войскаў, якія можна выкарыстоўваць для атакі, у абмен на адвод украінскіх войскаў з Бахмута. Пра гэта піша The Washington Post са спасылкай на дакументы амерыканскай выведкі, якія ўцяклі. Публікацыю пераказаў канал «Агентство. Новости».
15.05.2023 / 10:15
Яўген Прыгожын. Кадр з відэа
Як вынікае са зліваў, на фоне канфлікту з кіраўніцтвам расійскага Мінабароны Прыгожын падтрымлівае таемныя стасункі з украінскай разведкай, гаворыцца ва ўцечцы.
Акрамя тэлефонных званкоў, ён асабіста сустракаўся з афіцэрамі ГУР у адной з краін Афрыкі, гаворыцца ў адным дакуменце. Раазведданыя ЗША паказваюць, што Прыгожын шкадуе аб цяжкіх стратах ПВК і заклікае Украіну нанесці больш моцны ўдар па расійскіх войсках.
Паводле аднаго з дакументаў, Прыгожын параіў украінскім войскам прасунуцца ў кірунку Крыма на фоне нізкага маральнага духу расійскіх войскаў.
У дакладзе таксама згадваюцца іншыя разведданыя, згодна з якімі, Прыгожын ведаў пра падзенне маральнага духу сярод сіл «Вагнера», у тым ліку пра тое, што некаторыя з яго байцоў адмовіліся дзейнічаць у раёне Бахмута, баючыся панесці яшчэ больш ахвяр.
У дакументах не ўдакладняецца раён, у якім Прыгожын прапанаваў раскрыць пазіцыі расійскіх войскаў. Як сведчыць уцечка, Кіеў падазрае, што Крэмль ведае аб зносінах Прыгожына з украінскай выведкай.
Два ўкраінскія чыноўнікі на ўмовах ананімнасці пацвердзілі выданню, што Прыгожын некалькі разоў размаўляў з украінскай выведкай. Адзін чыноўнік сказаў, што бізнэсмен неаднаразова працягваў прапанову ў дачыненні да Бахмута, але Кіеў адхіліў яе, таму што ўкраінцы не давяраюць Прыгожыну і думаюць, што яго прапановы маглі быць няшчырымі. Адзін з украінскіх суразмоўцаў ахарактарызаваў кантакты як спробу «трымаць сяброў блізка, а ворагаў яшчэ бліжэй».
Крыніца WP у Белым доме папярэдзіла, што ў Вашынгтона ёсць сумневы ў шчырасці намераў Прыгожына.
У інтэрв'ю The Washington Post у маі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі не пацвердзіў кантакты з Прыгожыным, дадаўшы, што «гэта пытанне [вайсковай] разведкі». Неўзабаве пасля публікацыі газета выдаліла з тэксту фрагмент, у якім журналіст пытаўся ў прэзідэнта Украіны пра кантакты ўкраінскай разведкі з Прыгожыным.
Баі за Бахмут працягваюцца са жніўня мінулага года, асноўнай наступаючай сілай з расійскага боку стала «ПВК Вагнера». У апошнія месяцы яе кіраўнік Яўген Прыгожын абвінавачвае Мінабароны РФ у тым, што ПВК атрымлівае недастаткова боепрыпасаў, праз што Бахмут дагэтуль не ўдалося захапіць.
Чытайце таксама:
Прыгожын назваў адступленне расійскіх войскаў на поўнач ад Бахмута ўцёкамі