Невядомыя спрабавалі спаліць Су-24 на авіязаводзе ў Новасібірску

Відэа ахопленага агнём самалёта было напярэдадні апублікавана ў канале «Легіён Свабода Расіі». У ім сцвярджалася, што Су-24 цалкам знішчаны. Сёння расійскія каналы гэта абверглі.

10.05.2023 / 10:36

Відэа з падпаленым самалётам суправаджалася подпісам: «Раніцай 8 мая 2023 года ў Новасібірску на тэрыторыі авіяцыйнага завода кампаніі «Сухой» невядомыя партызаны знішчылі баявы самалёт Су-24. Самалёт знаходзіўся на пляцоўцы авіяцыйнай тэхнікі, прызначанай для рамонту і мадэрнізацыі. Як нам паведамілі, самалёт паспяхова дагарэў. Рамонт яму ўжо не спатрэбіцца».

Сёння «База» апублікавала інфармацыю, што гэта не так. Паводле выдання, на авіязаводзе даведаліся пра падпал з сацсетак. «Пасля гэтага супрацоўнікі паліцыі абышлі тэрыторыю Новасібірскага авіяцыйнага завода і сапраўды выявілі Су-24 1990 года з прыкметамі падпалу», — распавядае выданне.

Пасля праверкі нібыта высветлілася, што Су-24 «асабліва не пацярпеў», але каля шасі былі «сляды гарэння лёгкаўзгаральнай вадкасці».

Цяпер падазраваных, якія трапілі на завод, перакусіўшы сетку-рабіцу, шукаюць сілавікі, піша «База».

Чытайце таксама:

Два беспілотнікі атакавалі вайсковы палігон у Варонежскай вобласці. Пацярпела 14 вайскоўцаў

Nashaniva.com