Стронга, фаршыраваная булгурам, з гароднінай і мятным ёгуртам
Надышоў час уразіць гасцей ці проста дазволіць сабе шыкоўную вячэру. Гэтая разнастайная ў плане інгрэдыентаў, але не вельмі складаная ў гатаванні міжземнаморская страва — выдатны варыянт, каб пакаштаваць штосьці незвычайнае.
09.05.2023 / 07:46
Фаршыраваная стронга са свежым агурком і мятным ёгуртам. Фота: realfood.tesco.com
Каб прыгатаваць фаршыраваную стронгу — гэтую рыбу называюць яшчэ фарэль, вам спатрэбіцца:
- 75 г булгуру, прамытага,
- 4 цэлыя стронгі (кожная прыкладна па 400 г), вытрыбушаныя і вычышчаныя,
- пер’е 3 цыбулін, дробна нарэзанае,
- 20 г свежай мяты, лісце дробна нарэзаць,
- 15 г свежай пятрушкі, дробна нарэзанай,
- 225 г салодкіх памідораў, нарэзаных,
- 2 зубчыкі часнаку, дробна нарэзаныя,
- 4 сталовыя лыжкі аліўкавага алею,
- 200 г грэцкага ёгурту,
- ¼ агурка, дробна нарэзанага,
- форма, фольга і папера для выпечкі,
- соль, перац, прыправы.
Як гатаваць:
- Адварыце булгур паводле інструкцыі на ўпакоўцы. Зліце і пакіньце астываць.
- Разагрэйце духоўку да 190°С. Прамыйце фарэль і абсушыце кухоннай паперай, намажце прыправамі. Змяшайце дзве траціны зялёнай цыбулі, палову мяты і палову пятрушкі з булгурам і начыніце гэтай сумессю кожную рыбіну, затым перакладзіце ў форму, засланую паперай для выпечкі.
- Змяшайце памідоры і часнок і выкладзіце на рыбу. Дадайце 3 сталовыя лыжкі аліўкавага алею. Накрыйце лістом паперы для выпечкі, потым лістом фольгі і запякайце 40 хвілін. Потым зніміце фольгу і паперу і гатуйце яшчэ 10 хвілін да гатоўнасці рыбы.
- Змяшайце ёгурт, астатнюю мяту і агурок у місцы. Дадайце прыправы.
- Выкладзіце фарэль на цёплую сервіравальную талерку з пятрушкай і зялёнай цыбуляй, якія засталіся. Апырскайце алеем і падавайце з мятным ёгуртам.
Чытайце яшчэ:
Мінтай, хек, скумбрыя… Якую рыбу любяць беларусы і адкуль яе прывозяць?