Экс-кіраўніку творчай суполкі «Пагоня» мастаку Генадзю Драздову прысудзілі 3 гады калоніі

Драздова абвінавачвалі па ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса.

06.05.2023 / 14:32

Генадзь Драздоў. Фота: «Радыё Свабода»

Былому кіраўніку творчага аб'яднання «Пагоня» Беларускага саюза мастакоў 64-гадоваму Генадзю Драздову прысудзілі 3 гады пазбаўлення волі, паведаміла «Радыё Свабода» са спасылкай на BPN.

Такі вырак 4 мая ў Мінскім гарадскім судзе агучыў суддзя Яўген Пісарэвіч. Падрабязнасці невядомыя.

Працэс над мастаком пачаўся 2 мая. Драздова абвінавачвалі па ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса.

Пра затрыманне мастака ў сярэдзіне жніўня 2022 года тады паведаміла Беларуская рада культуры. Акрамя таго, у адным з праўладных тэлеграм-каналаў зʼявіўся відэазапіс з Драздовым і паведамленне, што затрымалі «творчую асобу», якая прыбыла з Украіны.

У яго сілавікі нібыта выявілі сумесныя фотавыявы з украінскімі вайскоўцамі. Акрамя таго, сцвярджалася, што ў 2020 годзе мастак нібыта «браў непасрэдны ўдзел у блакаванні дарог, размаўляў з радыкальна настроенымі апазіцыянерамі, распрацоўваючы планы акцый «прамога дзеяння».

На відэазапісе Драздоў сказаў, што «затрыманы супрацоўнікамі міліцыі невядома за што». На кадрах з кватэры мастака былі відаць невялікія нацыянальныя сцягі і бела-чырвона-белыя стужкі, раскіданыя кнігі і карціна з вядомай актывісткай Нінай Багінскай.

Чытайце таксама:

71-гадовага пенсіянера Васіля Дземідовіча асудзілі яшчэ да 2,5 года калоніі

Вязням, якія ўтрымліваюцца пад вартай у СІЗА, па новым указанні забаронена перадаваць і дасылаць медыкаменты

Адбыліся затрыманні і суды над супрацоўнікамі гомельскага радыё

Nashaniva.com