Не ведаеце, інтраверт вы ці экстраверт? Магчыма, амбіверт

Мы прызвычаіліся дзяліць людзей на замкнутых і нелюдзімых інтравертаў ды адкрытых і сяброўскіх экстравертаў. Але не заўсёды канкрэтнага чалавека можна аднесці да аднаго з гэтых тыпаў. Як сцвярджаюць псіхолагі, ёсць тып чалавека-амбіверта. І быць такім вельмі добра.

07.05.2023 / 19:02

У амбіверта спалучаецца рашучасць з разважлівасцю. Фота: vecteezy.com

Насамрэч няма на ўсе сто адсоткаў людзей з рысамі характару толькі інтравертнасці ці экстравертнасці. У некага пераважаюць адны рысы, у іншага — другія. Але ёсць людзі, якія знаходзяцца прыкладна ў сярэдзіне дыяпазону. Яны могуць у пэўных сітуацыях быць замкнутымі, а ў іншых — гаваркімі і таварыскімі.

Напрыклад, днём тыповы амбіверт можа вырашаць сотні працоўных задач, быць у цэнтры ўвагі калег, а вечарам замкнуцца ў хаце і засесці з любімаю кнігаю на ўвесь вечар.

З лацінскай мовы «амбі» перакладаецца як «абодва», што і адлюстроўвае змяшэнне двух супрацьлеглых сацыяльных тыпаў. Упершыню дзяліць людзей на экстравертаў і інтравертаў прапанаваў швейцарскі навуковец Карл Юнг у 1920-я гады. Вучоны ведаў і пра існаванне трэцяга тыпу асобы, але не ўнёс у сваю тыпалогію. Сам тэрмін «амбівертнасць» прапанаваў амерыканскі псіхолаг Эдмунд Конклін (Edmund Conklin).

Прыкметы таго, што вы амбівертны чалавек

У вас бываюць перыяды, калі хочацца быць у калектыве, а таксама перыяды, калі вы адчуваеце сябе лепш за ўсё ў адзіноце. Пры гэтым не адчуваеце сябе кінутым і нікому не патрэбным.

Вам падабаецца праца ў калектыве, вы прыслухоўваецеся да меркаванняў іншых, умееце дзяліць адказнасць і падтрымліваць камандны дух. У той жа час асобныя праблемы ці задачы вырашаеце самастойна. Вы аддаяце перавагу такому працоўнаму асяроддзю, дзе могуць спалучацца камандная і самастойная праца.

Вы любіце паразмаўляць на любыя тэмы, але вам падабаецца і слухаць. Вы ўважліва сочыце за сітуацыяй і хутка прыстасоўваецеся да суразмоўцы, лёгка разумееце эмацыйны стан чалавека і ўмееце спачуваць. Пры гэтым вы падсвядома адчуваеце, наколькі ваш суразмоўца шчыры, ці можна яму давяраць.

У вас шмат сяброў, вы лёгка заводзіце новых знаёмых, можаце падтрымліваць сувязі з рознымі суполкамі. У той жа час аддаяце перавагу знаёмаму сацыяльнаму асяроддзю і падтрымліваеце цесныя сувязі з некалькімі блізкімі сябрамі.

Вы не імкняцеся да пабудовы кар'еры, бо вам камфортна ў вашым статусе. Перыядычна заяўляеце пра сябе і свае дасягненні, але робіце гэта хутчэй не з-за амбіцый, а праз жаданне нешта даказаць.

Вы ніколі не ведаеце, чаму аддасце перавагу — пайсці на шумную вечарынку ці пасядзець у вузкім коле. А калі ўсё-такі вырашаеце пайсці, то пасля перыяду бурнай актыўнасці і знаёмстваў з новымі людзьмі хутка адчуваеце стомленасць і хочаце дадому.

Якія перавагі ў амбівертаў

Амбіверты могуць знайсці падыход да кожнага чалавека. З аднымі людзьмі яны харызматычныя, з іншымі — лагодныя і здольныя заваяваць давер сваім уменнем слухаць.

Амбіверт найлепш падыходзіць на ролю лідара, бо можа спалучыць найлепшыя лідарскія якасці, якія ўласцівыя экстравертам (уменне натхніць, павесці за сабою, ісці «напралом») і інтравертам (уважлівае абдумванне задачы і шляхоў яе рашэння, уменне слухаць і прыслухоўвацца, стрэсаўстойлівасць).

Эксперты па лідарстве прызнаюць, што для кіраўніка самы важны навык — здольнасць адаптавацца. Кіраўніку вельмі важна ўмець прыстасоўвацца да розных людзей і сітуацый, своечасова мяняць стыль кіравання, каб атрымаць жаданае. Найлепш гэта могуць зрабіць амбіверты.

Якія прафесіі найбольш падыходзяць для амбівертаў

Дзякуючы наяўнасці шырокага спектра здольнасцяў, амбіверты вельмі ўніверсальныя і могуць справіцца з любой работай. Аднак ёсць прафесіі, дзе менавіта ўменне сумяшчаць дзве супрацьлеглыя рысы характару вельмі неабходныя.

У 2013 годзе амерыканскі псіхолаг Адам Грант правёў даследаванне, якое паказала, што

насуперак распаўсюджанаму меркаванню аб тым, што найлепшыя прадаўцы — экстраверты, на самай справе амбіверты дасягаюць большай прадукцыйнасці продажу.

Гэта звязана, лічыць навуковец, з тым, што яны па сваім характары ўмеюць як гаварыць, так і слухаць. Яны дэманструюць дастатковую ўпэўненасць і энтузіязм, каб пераканаць кліента і закрыць продаж. Але ў той жа час яны ўмеюць прыслухоўвацца да інтарэсаў кліентаў і радзей за экстравертаў выглядаюць празмерна ўзбуджанымі або самаўпэўненымі. Яны здольныя выклікаць прыхільнасць да сябе і заключыць паспяховую здзелку.

Акрамя прадаўцоў, для амбівертаў, як сцвярджаюць псіхолагі, добра падыдуць такія прафесіі, як настаўнік, журналіст, псіхолаг, маркетолаг, сацыяльны работнік, менеджар праектаў, прадпрымальнік, дыпламат і палітык.

Чытайце яшчэ:

Чалавек-кот і чалавек-сабака: тое, якая ў вас хатняя жывёла, можа шмат расказаць пра ваш характар

Тое, як мы трымаем тэлефон, можа шмат расказаць пра нас

Nashaniva.com