Польскі МЗС пра Пачобута: Больш складана нашкодзіць таму, пра каго ведае ўвесь свет

Польская дыпламатыя мае вельмі абмежаваны кантакт з Андрэем Пачобутам, але яна робіць усё для яго вызвалення, заявіў афіцыйны прадстаўнік МЗС Лукаш Ясіна 5 мая ў эфіры радыёстанцыі RMF FM.

05.05.2023 / 22:55

Андрэй Пачобут за кратамі

«Мы робім усё для яго вызвалення, але гэтага недастаткова, таму што пакуль мы не ў стане выцягнуць яго з турмы. Праз Андрэя Пачобута мы не закрываем каналы сувязі з Мінскам, шмат гаворым пра гэта на міжнародным узроўні. Больш складана нашкодзіць таму, пра каго ведае ўвесь свет, каго не забыліся ў турме», — падкрэсліў прадстаўнік польскага знешнепалітычнага ведамства.

Ён зазначыў, што вельмі абмежаваны кантакт з Пачобутам абумоўлены тым, што ён — грамадзянін Беларусі і ўлады ў гэтым плане «строга выкарыстоўваюць мясцовае заканадаўства».

Пры гэтым Ясіна падкрэсліў, што не варта занадта абнадзейвацца:

«Аддаю перавагу таму, каб аб магчымым вызваленні Пачобута было абвешчана толькі тады, калі яно адбудзецца. Таму што неабгрунтаваная надзея была б падобная да здрады Андрэю Пачобуту і нанясення шкоды яго блізкім».

Журналіста Андрэя Пачобута 8 лютага Гродзенскі абласны суд прыгаварыў да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Чытайце таксама:

«У Беларусі для палякаў цяпер найгоршае становішча ў свеце» — Канцылярыя прэзідэнта Польшчы

Сакрэт нязломнасці. Андрэй Пачобут, закладнік Аляксандра Лукашэнкі, святкуе 50-годдзе ў турме

«Калі Пачобута адпусцяць заўтра, то пераход у «Баброўніках» будзе адкрыты паслязаўтра», — кіраўнік МУС Польшчы

Nashaniva.com