За рэпост нацыянальнага сцяга і «лайкі» глыбачанка адседзела 10 сутак
Жыхарку Глыбокага, якая працуе прадаўцом-кансультантам, 19 красавіка асудзілі па двух артыкулах — ч. 2 артыкула 19.11 КаАП Беларусі (распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць) і ч. 1 артыкула 24.23 КаАП Беларусі — парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў. Старшыня суда Глыбоцкага раёна Алена Кот 19 красавіка асудзіла жанчыну на 10 сутак.
05.05.2023 / 17:04
Як адзначаецца ў пастанове суда, Ала Арэхва ў сацыяльных сетках «Аднакласнікі» і «УКантакце» посціла і ставіла «лайкі» матэрыялам, прызнаных уладамі «экстрэмісцкімі». Таксама яна паставіла падабайку выяве з нацыянальным бела-чырвона-белым сцягам і каментаром «Свабода», паведамляе «Віцебская вясна».
Гэтае дзеянне Глыбоцкі суд расцаніў як адзіночнае пікетаванне з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных поглядаў без дазволу Глыбоцкага райвыканкама. Суддзя Алена Кот спаслалася таксама на тое, што старонка жанчыны ў сацыяльных сетках была адкрытая і публікацыі на ёй былі даступныя для агляду іншым грамадзянам.
Як зазначыла Ала Арэхва ў судзе, у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» яна лайкнула публікацыю з выявай сцяга бела-чырвона-белага колеру і каментаром «Свабода» таму, што яна ёй спадабалася.
У выніку суд арыштаваў Алу Арэхву на 10 сутак і канфіскаваў мабільны тэлефон.
Чытайце таксама:
Пачаўся суд над гродзенскім вэб-дызайнерам Глебам Койпішам. Яго судзяць у Мазыры
У красавіку 43 чалавек асудзілі па палітычных крымінальных справах. Вось якія тэндэнцыі назіраюцца