Новае запрыгоньванне медыкаў: улады мяняюць правілы ардынатуры — з адпрацоўкай пяць гадоў і гіганцкімі штрафамі
Урад Беларусі падрыхтаваў новую рэдакцыю закона «Аб ахове здароўя», яна ўжо паступіла ў парламент. «Зеркало» звярнула ўвагу на змену правілаў ардынатуры. Яны вельмі сур'ёзныя і могуць змяніць жыццё тых дактароў, хто пойдзе ў ардынатуру пасля прыняцця закона.
03.05.2023 / 11:51
Фота: minzdravbelarus / Telegram
Ардынатура — гэта «форма прафесійнай падрыхтоўкі дактароў-спецыялістаў, а таксама асоб, якія атрымалі вышэйшую медыцынскую адукацыю за межамі Рэспублікі Беларусь», гаворыцца ў законапраекце.
Дактары-спецыялісты, атрымаўшы вопыт работы (паводле дзейнай інструкцыі, трэба адпрацаваць размеркаванне або мець мінімум два гады стажу), могуць паступаць у ардынатуру, каб паглыбіць свае прафесійныя веды, змяніць профіль спецыяльнасці і гэтак далей. Ардынатура служыць для «вырашэння задач кадравага забеспячэння аховы здароўя», доктара туды накіроўвае яго арганізацыя.
Цяпер ардынатура — дадатковы і неабавязковы этап паслядыпломнай адукацыі, праходзяць яе далёка не ўсе лекары.
На гэты момант падрыхтоўкай клінічных ардынатараў займаюцца медыцынскія ўніверсітэты, універсітэцкія клінікі, рэспубліканскія навукова-практычныя цэнтры.
Паняцце клінічная ардынатура было замацавана ў законе «Аб ахове здароўя» з моманту яго прыняцця ў 1993 годзе. Але ў рэдакцыі 2020-га артыкул аб ардынатуры быў цалкам выразаны і заменены на артыкул «Рэзідэнтура» — гэта «форма індывідуальнай прафесійнай падрыхтоўкі дактароў-спецыялістаў, асоб, якія атрымалі вышэйшую медыцынскую адукацыю за межамі Рэспублікі Беларусь, у мэтах паглыблення прафесійных ведаў і ўдасканалення практычных навыкаў, асваення перадавых медыцынскіх тэхналогій, змены профілю медыцынскай спецыяльнасці». Цяпер заканадаўцы зрабілі зваротную маніпуляцыю: артыкул «Рэзідэнтура» заменены на артыкул «Клінічная ардынатура», пры гэтым першае паняцце фактычна паглынутае другім.
Але ў новай рэдакцыі аб'ём артыкула вырас разоў у пяць-шэсць. У яе ўключылі большасць норм з асобных прававых актаў, якімі раней у асноўным рэгуляваўся парадак праходжання ардынатуры. Зараз амаль усё, што яе датычыць, замацуюць на ўзроўні закона.
Вось асноўныя істотныя палажэнні новых правіл:
- Вызначана, што прайсці ардынатуру можна па спецыяльнасцях хірургічнага профілю (толькі вочна) і тэрапеўтычнага профілю (у тым ліку педыятрыя, стаматалогія, медыцынская дыягностыка).
- Тэрмін ардынатуры зараз — ад 2 да 5 гадоў у залежнасці ад спецыяльнасці (раней было 2 гады вочна і 3 гады завочна).
- Планы прыёму вызначае Міністэрства аховы здароўя, як і праграмы. Прымаць будуць па конкурсе, пры аднолькавай колькасці балаў прыярытэт будзе для ўладальнікаў «чырвоных» дыпломаў, дзяржузнагарод, лаўрэатаў фонду прэзідэнта і гэтак далей, а таксама лекараў-адмыслоўцаў з вялікім стажам і больш высокай катэгорыяй.
- Ардынатура для ўсіх дактароў будзе бясплатнай, у тым ліку для іншаземцаў і бежанцаў, якія пастаянна жывуць у Беларусі. Для іншаземцаў, якія часова пражываюць, — платна, прычым іх будуць прымаць без іспытаў, на падставе сумоўя.
- У бальніцах і медустановах будуць дактары-ардынатары, якія працуюць на падставе працоўнай дамовы, а ва ўніверсітэтах — клінічныя ардынатары (для іх будзе дамова аб падрыхтоўцы ў ардынатуры). Першым плацяць заробак, другім — стыпендыю.
- Клінічныя ардынатары тэрапеўтычнага профілю будуць атрымліваць стыпендыю ў памеры трохразовага бюджэту пражытачнага мінімуму для працаздольнага насельніцтва, а хірургічнага профілю — у чатырохразовым памеры. У верасні, напрыклад, гэта будзе больш за 1100 і 1500 рублёў. Тым, хто вучыцца платна, стыпендыю не дадуць.
Але гэта не галоўнае.
Размеркаванне — зараз для ўсіх і надоўга
Дактары, якія прайшлі падрыхтоўку ў ардынатуры вочна за кошт бюджэту, падлягаюць абавязковаму размеркаванню. Цяпер тэрмін адпрацоўкі для іх роўны двум гадам. Пасля прыняцця новага закона ён будзе павялічаны і складзе «не менш за пяць гадоў» .
Ардынатары-завочнікі цяпер адпрацоўваць не абавязаныя. Але з новым законам — будуць. Іх не размяркоўваюць — яны застаюцца працаваць у той жа арганізацыі, якая накіравала іх у ардынатуру, але павінны будуць пасля заканчэння вучобы адпрацаваць там жа не менш за пяць гадоў.
Канкрэтныя тэрміны адпрацоўкі будуць вызначацца дагаворамі аб падрыхтоўцы ў ардынатуры, якія дактары падпішуць пры паступленні. Гэта значыць, на практыцы яны могуць быць і больш за пяць гадоў.
Улічваючы тое, што для дактароў-беларусаў цяпер платнай ардынатуры не будзе — толькі бюджэтная, атрымліваецца, што, паступаючы туды, ці то на вочную, ці то на завочную форму, спецыялісты звязваюць сябе абавязацельствамі на 7—10 гадоў: ад двух да пяці гадоў ардынатуры і не менш за пяць дадатковай адпрацоўкі.
Сысці будзе неверагодна дорага
А калі лекар жадае сысці з ардынатуры, каб, напрыклад, з'ехаць з краіны? Зараз гэта пагражае яму надмернымі даўгамі.
Раней за перапыненне навучання ў ардынатуры, нават калі яно было за кошт бюджэту, ніякіх штрафаў не было: сышоў — і ўсё. Але ў новым законапраекце прапісана: калі лекар перапыніць ардынатуру, яму давядзецца вярнуць у бюджэт грошы, затрачаныя на яго навучанне, прапарцыянальна тэрміну навучання.
Прычым так будзе не толькі пры адлічэнні па ўласным жаданні. Адлічыць ардынатара могуць і па ініцыятыве арганізацыі, якая накіравала яго на вучобу. У такім выпадку вяртаць грошы таксама давядзецца. Гэта датычыць і завочнікаў.
А што з тымі, хто ардынатуру за бюджэтныя сродкі прайшоў, але не прыбыў па размеркаванні ці не адпрацаваў увесь (зараз пяцігадовы) тэрмін да канца? Абавязак кампенсаваць у бюджэт грошы за навучанне для тых, хто адмовіўся ад размеркавання, быў уведзены яшчэ ў 2016 годзе.
Але зараз сума кампенсацыі вырасце. Па новым законе неабходна будзе вярнуць сродкі, затрачаныя на падрыхтоўку доктара, з прымяненнем каэфіцыента 2,5 . Гэта значыць, за кожную бюджэтную 1000 рублёў лекару давядзецца аддаць 2500.
У 2022/23 навучальным годзе ў БДМУ клінічная ардынатура для вочнікаў каштуе каля 2500 рублёў, для завочнікаў — 1240.
Гэта зноў жа аднолькава закране ўсіх: хто вучыўся як вочна, так і завочна. Раней адпрацоўкі для завочнікаў не было — адпаведна, не было і штрафаў.
Ардынатура стане добраахвотна-прымусовай?
У праекце закона да пераліку задач ардынатуры дададзены новы радок. Сярод задач з'яўляецца «допуск да аказання спецыялізаванай і высокатэхналагічнай меддапамогі».
Згодна з законам, «спецыялізаваная меддапамога» — гэта другі ўзровень дапамогі пасля першаснай, яна аказваецца «пры наяўнасці ў пацыента захворванняў, якія патрабуюць прымянення спецыяльных метадаў аказання медыцынскай дапамогі». «Высокатэхналагічная» патрабуе прымянення новых, складаных, унікальных, навукаёмістых і рэсурсаёмістых метадаў. Ёсць яшчэ паліятыўная і медыка-сацыяльная дапамога.
На гэты момант доктар-спецыяліст мае права аказваць спецыялізаваную меддапамогу пасля праходжання абавязковай інтэрнатуры.
Пра які допуск ідзе гаворка ў будучай рэдакцыі закона? Дактары-спецыялісты зараз будуць абавязаны праходзіць ардынатуру, каб аказваць спецыялізаваную меддапамогу? Ці ардынатура і допуск будуць патрабавацца толькі для асобных, больш складаных відаў такой дапамогі? Зразумець гэта з тэксту законапраекта немагчыма.
Аднак такая фармулёўка выклікае падазрэнні, што заканадаўцы жадаюць паставіць лекараў-адмыслоўцаў ва ўмовы, калі шматлікія з іх будуць змушаныя праходзіць ардынатуру, калі жадаюць працягваць працаваць. Бо хто па ўласнай волі пайдзе вучыцца ў ардынатуру з новымі цвёрдымі ўмовамі адпрацоўкі, калі ў ёй, як і цяпер, не будзе ніякай неабходнасці?
Утрымаць спецыялістаў
Тыя, хто ўжо прайшоў ардынатуру або вучыцца ў ёй цяпер, могуць выдыхнуць: новаўвядзенні іх не закрануць. Усе новыя палажэнні будуць распаўсюджвацца толькі на тых, хто пачаў падрыхтоўку ў ардынатуры пасля таго, як новы закон пачне дзейнічаць.
Законапраект ужо стаіць на парадку дня вясенняй сесіі Палаты прадстаўнікоў — яго могуць разгледзець і прыняць у любы момант. Затым Рада Рэспублікі, подпіс Лукашэнкі — і праз тры месяцы пасля афіцыйнай публікацыі новы закон «Аб ахове здароўя» набудзе моц.
У выпадку прыняцця гэтага закона дактары-спецыялісты, якія прайшлі ардынатуру, будуць на многія гады прывязаны да сваіх працоўных месцаў. Два-пяць гадоў яны будуць вучыцца без магчымасці сысці проста так, баючыся сапсаваць адносіны з працадаўцам, каб ён не ініцыяваў іх адлічэнне. А затым яшчэ не менш за пяць гадоў адпрацоўваць. Усё гэта зробіць дактароў яшчэ больш залежнымі ад волі адміністрацыі іх медустановы і вышэйстаячых начальнікаў медыцынскай сферы.
Чытайце таксама:
Мінздароўя ўвяло новыя правілы для аптэк. Іх стане менш: хочуць прыдушыць канкурэнтаў «БелФармацыі»