93% заявак на візы Poland.Business Harbour — ад беларусаў

Пераважная большасць заявак на польскія візы па праграме для IT-спецыялістаў Poland.Business Harbour была пададзена ад беларусаў. Пра гэта піша выданне Rzeczpospolita са спасылкай на інфармацыю Польскага агенцтва па гандлі і інвестыцыях.

30.04.2023 / 20:22

Як паведамляюць у агенцтве, з восені 2020 года да канца сакавіка 2023-га ў Польшчу прыбылі больш за 72,2 тысячы IT-спецыялістаў з розных краін. Большасць з іх прыехалі з Беларусі.

На беларусаў прыпадае больш за 93% заявак на візы па гэтай праграме, якія падаваліся як праз кампаніі, зарэгістраваныя ў Польшчы, так і праз польскія дыпламатычныя прадстаўніцтвы за мяжой.

Частка заявак на візы паступіла праз інвестыцыйныя праграмы кампаній з-за ўсходняй мяжы Польшчы: усяго такіх праграм 122, і большасць з іх таксама звязаныя з кампаніямі з Беларусі.

На другім месцы па колькасці заявак знаходзяцца грамадзяне Расіі (3,8%), далей ідзе Украіна (менш за 2% заявак). Пры гэтым пасля пачатку расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны кампаніі з Расіі больш не могуць скарыстацца праграмай Poland.Business Harbour. Украінцы ж, у тым ліку IT-спецыялісты, пасля пачатку вайны могуць знаходзіцца і працаваць у Польшчы без усялякіх віз і дазволаў.

Праграма Poland.Business Harbour — гэта комплекс паслуг, які дазваляе фрылансерам, стартапам, малым і сярэднім, а таксама буйным прадпрыемствам аператыўна і ў спрошчаным парадку пераехаць на тэрыторыю Польшчы.

Чытайце таксама:

«Калі зусім не эканоміць, то хопіць на 2-3 гады». Айцішнікі расказалі, колькі змогуць пражыць на сваіх запасах, калі проста цяпер застануцца без працы

Мінскім арандадаўцам і не снілася. Колькі беларусы плацяць за здымныя кватэры ў Польшчы і Літве

«Такі даход, вядома, проста дах зносіць». Айцішнік атрымлівае ў Польшчы штомесяц 18 тысяч даляраў і расказвае, як гэтулькі зарабляць ды куды траціць

Nashaniva.com