Па цане дзвюх кватэр у Мінску. Якія кемперы прадаюць у Беларусі
Кемпінг — мара многіх сямей, юнакоў і дзяцей. Паглядзелі, якія кемперы, у тым ліку самаробныя, прапануе беларускі рынак.
01.05.2023 / 14:49
Патрабуе інвеставання
Самы танны аўтамабіль, які хоць і даволі ўмоўна, але можна назваць кемперам, прадаецца за 2000 даляраў. Гэта Volkswagen Transporter T3 1981 года выпуску з арыгінальным салонам ад сапраўднага кемпера.
Фота тут і далей: av.by
Праўда, каб гэты 42-гадовы мікрааўтобус змог стаць сапраўдным домам на колах давядзецца прыкласці руку і інвеставаць нямала грошай. Цяпер ён вельмі аддалена нагадвае месца для адпачынку, хоць і мае ў салоне набор мэблі, сядзенне, якое раскладаецца ў ложак і нешта падобнае да кухні.
Да таго ж, як пазначана ў аб'яве, цяпер аўтамабіль не на хаду. Мікрааўтобус знаходзіцца ў Мінску.
У роднай фарбе
За 5990 даляраў у сталіцы прадаецца сапраўдны кемпер Fiat Ducato 1990 года выпуску.
«Аўтамабіль у выдатным стане для свайго ўзросту. Па кузаве праблем няма, машына ў роднай фарбе. Рухавік без праблем. Толькі своечасовае і якаснае абслугоўванне», — апісвае прадавец свой 33-гадовы дом на колах.
Унутры кемпера ёсць усё неабходнае для жыцця: кухня, лядоўня, стол, крэслы. Пад дахам ёсць спальнае месца.
Мікрааўтобус абсталяваны прыладай для перавозкі трох ровараў.
Прадаецца праз ад'езд з Беларусі
У Маладзечне за 7077 даляраў прадаецца самаробны кемпер на базе грузавічка Iveco 1994 года выпуску.
У мікрааўтобусе маюцца тры спальныя месцы. Месцаў для сядзення таксама тры. Ёсць працоўны стол, халадзільнік, газавая пліта на дзве фаеркі, мыйка, бакі для чыстай і бруднай вады, шафа, антрэсолі.
Гаспадар самаробнага кемпера адзначае, што прычына продажу — пераезд з Беларусі.
Магчымы абмен
У Гомелі прадаецца паўнавартасны кемпер Peugeot J5 1986 года выпуску. Просяць за яго 11 тысяч даляраў.
Звонку для сваіх гадоў мікрааўтобус выглядае даволі бадзёра. Перад уваходам у яго раскладаецца столік з навесам.
Паколькі па плошчы гэты кемпер значна большы за папярэднія варыянты, то ў ім знайшлося месца і для туалета.
У аб'яве пазначана, што прадавец гатовы разглядзець розныя варыянты абмену з даплатай у яго бок.
Мара саляравоза
Яшчэ больш ёмісты кемпер у эксклюзіўнай афарбоўцы прадаюць у Кобрыне. За Fiat Ducato 1992 года выпуску з топавым для такога аўто рухавіком аб'ёмам 2,8 літра просяць 17 тысяч даляраў.
Дом на колах абсталяваны паліўным бакам на 220 літраў, што робіць яго марай не толькі для падарожнікаў, але і для жыхароў памежжа, якія зарабляюць на вывазе паліва.
У гэтым кемперы знайшлося месца не толькі для туалета, але і для душа.
Такі кемпер будзе добра пасаваць для падарожжаў з дзецьмі, бо апроч вялікага спальнага месца ўнізе, тут ёсць яшчэ адзін спальнік над кабінай. Абаграваецца кемпер газам.
«Шышыга» з рухавіком ад Mercedes
За 20 тысяч даляраў у Мінску прадаюць самаробны дом на колах пабудаваны на базе ГАЗ-66. Грузавік быў выпушчаны ў 1991 годзе.
У апісанні да старога савецкага паўнапрываднага грузавіка пазначана, што замест завадскога, у ім усталяваны дызельны рухавік і каробка перадач ад Mercedes. Заяўлены расход паліва — 16 літраў на сотню.
Унутры ёсць душ, санвузел, кухонны куток, спальныя месцы, сухі фен (печка). Аўтамабіль абсталяваны двума бакамі з нержавеючай сталі для чыстай і бруднай вады.
Кемпер з відэаназіраннем
Далей па цэнах ідуць ужо сучасныя аўтадамы. Самы танны з іх — паўнавартасны кемпер Fiat Ducato 2007 года выпуску за $39000.
«Шэсць спальных месцаў, 2 тэлевізары, андроід-прыстаўка, Wi-Fi-узмацняльнік, USB-разеткі, інвертар, кава-машына, вялікі халадзільнік, духавая шафа, туалет, душавая кабіна, халодная, гарачая вада, дэтэктар газу», — гаворыцца ў апісанні да аўтадома.
Вакол кемпера ўсталяваныя бесправадныя відэакамеры. На тыльнай восі ўстаноўленая пнеўмападвеска. Аўтадом прадаецца ў Гомелі.
Сярод сучасных кемпераў прадаюцца два аўтадамы, пабудаваныя на базе цэльнаметалічнага фургона па цэнах 49990 — 55000 даляраў.
Зыходзячы з апісання, адзін з іх зусім нядаўна быў прывезены з Еўропы.
Дом на колах па цане дзвюх кватэр у Мінску
Што тычыцца самага дарагога аўтадома, выстаўленага на продаж у нашай краіне, то можна адзначыць, што замест яго можна набыць адразу дзве кватэры ў Мінску.
За Adria Sonic 600 SC, які пабудаваны на базе Fiat Ducato апошняга пакалення, просяць 109 тысяч даляраў.
«Цёплая падлога, маскітныя сеткі і ралеты на ўсіх вокнах і люках, велізарны ванны пакой з вялікай душавой, ацяпленне на газе і на электрычнасці, маркіза, вялікі халадзільнік, электрападножка, велізарная колькасць скрынак, контурная падсветка, сэнсарныя свяцільні, шмат разетак на 220В і USB», — гаворыцца ў апісанні да самага дарагога кемпера ў Беларусі.
У кемперы ёсць два двухмесныя ложкі. Адзін — на ніжнім узроўні ў тыльнай частцы, другі — уверсе над месцам для кіроўцы і пасажыра.
Прадавец адзначае, што гэты люксавы кемпер не мае прабегу па краінах СНД і можа быць прададзены ў РФ без аплаты дадатковых мытных плацяжоў.
Чытайце таксама:
У Беларусі расце колькасць аўто ў продажы. Чаму так адбываецца? Тлумачаць гульцы рынку