У Іспанію прыйшла афрыканская спёка — там рэкордныя для красавіка 38,7°C
Метэаралагічная служба Іспаніі ў чацвер зарэгістравала рэкордна высокую для красавіка тэмпературу. Пасля 5 вечара па мясцовым часе паветра ў раёне аэрапорта Кардовы на поўдні краіны прагрэлася да 38,7°C (Кардова і без таго лічыцца самым гарачым горадам Еўропы), піша Бі-бі-сі.
28.04.2023 / 07:38
Фота: vecteezy
Сёлета красавік у Іспаніі выдаўся на рэдкасць гарачым, у сярэднім тэмпература там на 10-15 градусаў вышэй за звычайную для гэтага часу. Спецыялісты тлумачаць гэта прыходам гарачага паветра з Афрыкі, пасля чаго наступіла бязветранасць, таму спёка толькі ўзмацнялася.
«Гэта ненармальна, тэмпература паветра сёлета цалкам выйшла з-пад кантролю», — заявіў у інтэрв'ю Бі-бі-сі прадстаўнік метэаслужбы Іспаніі Каэтана Торэс.
У сувязі з небывалай спёкай школы ў Іспаніі вымушаныя мяняць расклад, цягнікі метро ў Мадрыдзе сталі хадзіць часцей, каб людзі не занадта доўга чакалі на распаленых платформах, а грамадскія басейны сёлета будуць адкрыты на месяц раней, чым звычайна, каб народ мог там астудзіцца.
Анамальныя тэмпературы, якія рэгіструюцца на гэтым тыдні ў Іспаніі, метэаролагі тлумачаць спалучэннем некалькіх фактараў.
Гарачае надвор'е, якое стаіць у Паўночнай Афрыцы, штурхае хвалю спёкі ў Еўропу. Адначасова вобласць высокага ціску над Іберыйскім паўвостравам і, як вынік, бясхмарнае неба дазваляюць сонечным промням бесперашкодна награваць глебу, якая ўжо перасохла і не можа зніжаць спякоту за кошт выпарэнняў.
Сапраўды, цяперашняй хвалі спёкі папярэднічала зацяжная засуха ў многіх раёнах Іспаніі. Да прыкладу, вадасховішчы ў басейне ракі Гвадалквівір запоўненыя толькі на 25%.
У сукупнасці ўсё гэта пагражае моцнымі і заўчаснымі для красавіка ляснымі пажарамі, прычым у зоне рызыкі знаходзяцца шырокія тэрыторыі. Летась Іспанія ўжо больш за ўсе еўрапейскія краіны пацярпела ад такіх пажараў.
Чытайце таксама:
Выпаленая Еўропа. Кантыненту пагражаюць рэкордная засуха, спёка і пажары другі год запар
Еўропа награваецца хутчэй, чым іншыя часткі свету
Люты-2023 — у пяцёрцы самых цёплых за ўсю гісторыю метэаназіранняў