Тэфтэлі пад сырам — проста і шалёна смачна
Зрабіць тэфтэлі вельмі проста, бо яны гатуюцца з фаршу. А разнастаіць іх можна «шубай» з сыру. Для гэтай стравы не спатрэбіцца стаяць ля гарачай патэльні ці доўга нешта варыць — вы проста кладзяце ўсё ў форму для запякання, ставіце ў духоўку і чакаеце, пакуль яна зробіць сваю працу. Будзьце ўпэўненыя: хутка гэта страва стане хітовай у вашым меню.
30.04.2023 / 10:26
Фота: eatwell101.com
Каб прыгатаваць тэфтэлі пад сырам, вам спатрэбіцца:
- 600 г мяснога фаршу
- соль
- перац
- 3 зубчыкі часнаку
- 5 бульбін сярэдняга памеру
- 2 цыбуліны
- 150 г цёртага сыру
- 50 г маянэзу
- 2 ст. лыжкі алею
- форма для запякання (у прыведзеным выпадку выкарыстоўвалася дыяметрам 26 см)
- пятрушка (для ўпрыгожвання)
Як гатаваць:
- Пакладзіце ў міску 600 г фаршу.
- Парэжце 3 зубчыкі часнаку і дадайце іх да мяса, потым дадайце соль і перац, перамяшайце.
- Абярыце 5 сярэдніх бульбін і патрыце на дробнай тарцы. Можна трохі пасаліць бульбу, калі вы любіце больш салёныя стравы.
- 150 г сыру патрыце на буйной тарцы (на якой звычайна труць бурак).
- Пачысціце і нарэжце паўколамі 2 сярэднія цыбуліны.
- На дно формы наліце некалькі лыжак алею. Нарэзаную цыбулю раўнамерна размяркуйце па дне формы для запякання.
- З мяса сфармуйце 8 тэфтэляў і выкладзіце іх у форму для запякання над нарэзанай цыбуляй.
- На зробленыя тэфтэлі выкладзіце нацёртую бульбу (раўнамерна на кожную тэфтэльку).
- На бульбу — сыр.
- На сыр — каля 50 г маянэзу.
- Разагрэйце духоўку да 180 градусаў і адпраўце запякацца на 50 хвілін.
- Гатовую страву можна пасыпаць пасечанай пятрушкай (па жаданні).
Вам таксама могуць спадабацца:
Салата з бурака і сыру фета — ідэальны баланс салодкага і салёнага
Бульба, фаршыраваная сырам і гарошкам, — нязвыклы падыход да звыклага прадукту