Гэтая прафесія, паводле даследавання, застаецца абароненай ад штучнага інтэлекту. Расказваем, што за яна
Яшчэ нядаўна гэтаму віду чалавечай дзейнасці прадракалі канец з-за развіцця нейрасетак.
25.04.2023 / 14:07
Фота: Freepik.com
Навукоўцы высветлілі, што на гэты момант бухгалтарам не пагражаюць масавыя звальненні з-за развіцця штучнага інтэлекту. Пра гэта 24 красавіка расказала агенцтва Euronews са спасылкай на свежае даследаванне амерыканскага Універсітэта Брыгама Янга.
У гэтым машстабным даследаванні таксама ўдзельнічалі 327 навукоўцаў з 186 вышэйшых навучальных устаноў 14 краін свету. Даследчыкі склалі велізарны іспыт, у які ўнеслі 25181 экзаменацыйнае пытанне па бухгалтарскаму ўліку, аўдыце, фінансавым уліку, кіраўніцкім уліку і падаткаабкладанні.
Заданні былі рознымі па складанасці і ўключалі ў сябе тэставыя пытанні, пытанні з неабходнасцю даць кароткія адказы і пытанні па прынцыпе «праўда ці хлусня». Мэтай эксперыменту было праверыць правільнасць адказаў сапраўдных студэнтаў у параўнанні з дакладнасцю апошняй версіі нейрасеткі ChatGPT.
«У выніку ChatGPT перамог студэнтаў у бухгалтарскім уліку і аўдыце, набраўшы сярэдні бал па ўсіх пытаннях у 47,4 адсотка. Але студэнты пераўзышлі нейрасетку па ўсіх астатніх дысцыплінах і фактычна аказаліся лепшымі, дасягнуўшы сярэдняй адзнакі ў 76,7%», — піша Euronews са спасылкай на вынікі эксперыменту.
Штучны інтэлект лягчэй спраўляўся з пытаннямі па прынцыпе «праўда-хлусня» і тэставымі заданнямі, а ўжо са складанымі матэматычнымі вылічэннямі і з кароткімі адказамі ў яго ўзнікалі сур'ёзныя складанасці і памылкі.
Аўтары даследавання зрабілі выснову і заявілі, што ChatGPT і падобныя яму нейрасеткі — гэта не ўніверсальнае рашэнне, а спосабы падмануць сістэму адукацыі існавалі і раней. Таму штучны інтэлект у кантэксце бухгалтарскай прафесіі, на іх думку, будзе толькі часовай перашкодай і ў асноўным будзе прымяняцца толькі ў якасці дадатковага памочніка без замены чалавека.
Характэрна, што яшчэ зусім нядаўна было праведзенае іншае даследаванне, якое ўносіць бухгалтараў у спіс тых, чые працоўныя месцы ў першую чаргу з часам цалкам зойме штучны інтэлект.
Чытайце таксама:
Мы дазваляем штучнаму інтэлекту прымаць за нас занадта шмат рашэнняў — псіхолаг
Штучны інтэлект зымітаваў інтэрв'ю паралізаванага Міхаэля Шумахера. Сям'я падае ў суд на часопіс
«РИА Новости» стала ўсурʼёз браць каментарыі ў чат-бота ChatGPT. Той назваў іх навіны фэйкам