Маладыя людзі пачалі больш верыць у «найвышэйшыя сілы»
Каля траціны маладых людзей ад 18 да 25 гадоў кажуць, што вераць у існаванне «нейкай найвышэйшай сілы», паказала нядаўняе апытанне ў ЗША. Два гады таму такіх маладых людзей было толькі чвэрць.
25.04.2023 / 12:53
27-гадовы Дэсманд Адэль апісвае сябе як «тэіста-агностыка» — чалавека, які верыць у аднаго ці некалькіх багоў, аднак не ведае дакладна, ці існуюць яны. У дзяцінстве ён наведваў царкву кожную нядзелю, але не памятае, да «якой галіны хрысціянства» яна належала, а ў падлеткавыя гады хадзіць туды кінуў, расказвае WSJ.
«Я не думаю, што гэтая найвышэйшая сіла падобная да якіх-небудзь багоў, што апісаны асноўнымі рэлігіямі», — кажа хлопец.
Паводле нядаўняга апытання маладых людзей у ЗША, праведзенага некамерцыйнай арганізацыяй Springtide Research Institute, каля траціны апытаных ад 18 да 25 гадоў кажуць, што вераць у існаванне найвышэйшай сілы. У 2021 годзе такіх маладых людзей было чвэрць.
У апытанні Springtide выкарыстоўваўся тэрмін «найвышэйшая сіла», пад якой можа разумецца Бог, але не абмежаваны хрысціянскай канцэпцыяй ці канкрэтнай рэлігіяй. Многія маладыя людзі кажуць, што яны не абавязкова вераць у Бога, паказанага на іконах або апісанага ў Бібліі. Пры гэтым яны мяркуюць, што існуе нейкае найвышэйшае літасцівае бажаство.
Канец непераможнасці
Чаму ж з'явілася такая патрэба ў «абстрактных найвышэйшых сілах»?
Самі маладыя людзі, а таксама багасловы тлумачаць гэты рост патрэбай верыць у нешта большае, чым ты сам, — асабліва пасля трох гадоў страт, якія пачаліся разам з пандэміяй.
Для многіх маладых людзей пандэмія стала першым сур’ёзным крызісам у жыцці, з якім яны сутыкнуліся. У той ці іншай ступені гэта закранула кожнага — нехта страціў сям'ю ці сяброў, а нехта — упэўненасць у працы і паўсядзённым жыцці. У шматлікіх сэнсах гэта састарыла маладых амерыканцаў, і зараз яны звяртаюцца да таго ж суцяшэння, да якога звярталіся папярэднія пакаленні падчас трагедый — для таго, каб ацалець і суцешыцца.
Сярод іншых прычын звароту да трансцэндэнцыі — рост варожасці паміж рознымі сацыяльнымі групамі (напрыклад, расавамі), страх страты працы і розныя эканамічныя праблемы. Усе гэтыя з’явы сарвалі тыя ахоўныя пласты, якія моладзь да пэўнага часу адчувала вакол сябе. Маладыя людзі больш не адчуваюць сябе непераможнымі і шукаюць абароны.
Многія далучаюцца да царкоўных супольнасцяў, каб у тым ліку наведваць розныя імпрэзы або заняткі спортам ці турыстычныя паходы. Такім чынам моладзь вырашае для сябе пытанне сацыяльных і духоўных сувязяў.
26-гадовая Кортні Фартынг, якая працуе ў службе падтрымкі кліентаў у кол-цэнтры, кажа, што ў дзяцінстве наведвала баптысцкія і пяцідзясятніцкія цэрквы, але ў падлеткавыя гады пачала сумнявацца ў веры. Сёння яна лічыць сябе хрысціянкай і кажа, што выбірае верыць.
«Калі б я пачала сумнявацца ці думаць, што Бога няма, гэта адправіла б мяне ў спіраль пытанняў «А што, калі б?» — пытанняў, у якія я аддаю перавагу не ўнікаць».
Але ці сталі маладыя больш рэлігійнымі?
Не зусім. Іншыя апытанні, у тым ліку апытанне Gallup, якія задавалі пытанне канкрэтна пра веру ў Бога, а не ў найвышэйшыя сілы, па-ранейшаму паказваюць зніжэнне цікавасці маладых людзей да рэлігіі.
Апытанне Wall Street Journal-NORC, апублікаванае ў мінулым месяцы, паказала, што толькі 31% маладых амерыканцаў ад 18 да 29 гадоў заявілі, што рэлігія для іх вельмі важная. Гэта самы нізкі працэнт сярод усіх дарослых узроставых груп. Даследаванне Pew Research Center, таксама апублікаванае ў мінулым месяцы, паказала, што толькі 20% маладых людзей ад 18 да 29 гадоў наведваюць рэлігійныя службы штомесяц ці часцей — у параўнанні з 24% у 2019 годзе.
Акрамя гэтага, многія хлопцы і дзяўчыны кажуць, што не зусім згодныя з рэлігіяй па такіх пытаннях, як расавая справядлівасць, гендарная роўнасць і іміграцыйныя правы. І што вера ў Бога ці найвышэйшыя сілы не абавязкова азначае наведванне царквы ці рэлігійную прыналежнасць.
Чытайце яшчэ:
Праваслаўных у Беларусі больш, чым тых, хто верыць у Бога?
«Мяне больш не вывяртае». Як беларусы змянілі сваё стаўленне да царквы пасля 2020-га
«Можна проста пячы булкі». Высокапастаўлены выканаўца рэпрэсій увераваў у Бога і сышоў з міліцыі