Антываенная петыцыя, неперакрэслены ордэр і выступы ў спрэчках. За што летась каралі адвакатаў?
Праект «Права на абарону» атрымаў у сваё распараджэнне агляд практыкі прымянення дысцыплінарных спагнанняў у калегіях адвакатаў за 2022 год. З яго вынікае, як і за што летась прыцягвалі беларускіх адвакатаў да дысцыплінарнай адказнасці, і ў тым ліку — за што выключалі з калегій.
24.04.2023 / 18:41
Фота ілюстрацыйнае
Агульныя лічбы
Згодна з аглядам, у 2022 годзе 74 адвакаты (цяпер у Беларусі ўвогуле працуюць каля 1650 адвакатаў, а на пачатак 2020 года было 2200) былі прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці, што на 26 больш, чым у 2021 годзе, і на 53 адвакаты больш, чым у 2020 годзе.
Усяго за год было выключана з калегій 27 адвакатаў, у асноўным у Мінску і Мінскай вобласці.
Як каралі адвакатаў калегі
Агляд не дае дэталёвага апісання кожнай сітуацыі, таму няма магчымасці ацаніць абгрунтаванасць ці неабгрунтаванасць прыцягнення да дысцыплінарнай адказнасці таго ці іншага адваката, аднак пэўныя высновы адносна дысцыплінарнай практыкі зрабіць можна.
Напрыклад, з агляду відаць, што большасць дысцыплінарных спагнанняў была накладзена за «правіны», якія маюць хутчэй тэхнічны характар і ніяк не ўплываюць на якасць юрыдычнай дапамогі:
напрыклад, адсутнасць у ордэры даты аказання юрыдычнай дапамогі або наяўнасць у ордэры неагавораных выпраўленняў. Сярод падстаў для прыцягнення да адказнасці было нават тое, што адвакат проста не перакрэсліў нявыкарыстаны ордэр.
Прыцягвалі адвакатаў і за адсутнасць подпісу ў дамове з кліентам (аб прэтэнзіях кліента да аказанай юрыдычнай дапамогі нічога не гаворыцца), і за адсутнасць подпісу адваката ў журнале ўліку ордэраў, які проста пацвярджае, што адвакат атрымаў ордэрную кніжку.
Хоць, вядома, гэта не адмяняе таго, што некаторыя сітуацыі ў аглядзе сапраўды па апісанні падобныя да парушэнняў правілаў прафесійнай этыкі адваката.
Органы адвакацкага самакіравання як удзельнікі працэсу ціску на адвакатаў
Адначасова ў аглядзе прыводзяцца выпадкі, калі абгрунтаванасць прыцягнення да дысцыплінарнай адказнасці выклікае сур'ёзныя сумневы.
Напрыклад, была выключаная з калегіі адвакатка, якая, ужо маючы некалькі спагнанняў, нібыта дапусціла ў судовых спрэчках выказванні, што «насілі некваліфікаваны, нетактоўны і некарэктны характар».
Спагнанне ў выглядзе вымовы было накладзена на адваката, які падаў заяву аб адводзе суддзі, «довады якога насілі характар здагадак і намёкаў».
Прыцягвалі адвакатаў да адказнасці і за тое, што яны рабілі нейкую частку працы за ганарар у меншым памеры, чым гэта пазначана ў дамове, або «беспадстаўна вызвалялі кліентаў ад выплаты ганарару».
Мяркуецца, што гэтыя пасылы, якія ўкладаюцца ў дысцыплінарную практыку тэрытарыяльных калегій адвакатаў, накіраваныя на стварэнне астуджальнага эфекту для адвакатаў, што аказваюць юрыдычную дапамогу па палітычных справах.
Відавочна несправядлівым і парушаючым свабоду выказвання меркаванняў з'яўляецца прыцягненне васьмярых адвакатаў да спагнанняў у выглядзе вымоў за падпісанне «звароту беларускіх адвакатаў і юрыстаў наконт вайны ва Украіне». Адвакаты выказалі сваю пазіцыю адносна важнай грамадска-палітычнай падзеі, аднак кіраўніцтва Мінскай гарадской і Манскай абласной калегій палічыла, што такім чынам адвакаты «распаўсюдзілі ў інтэрнэце недакладную інфармацыю».
Па некаторых справах у прынцыпе незразумела, чым кіраваліся калегіі, прыцягваючы адвакатаў да дысцыплінарнай адказнасці.
У цэлым гэта адлюстроўвае агульны ўзровень законнасці — калі ёсць патрэба ў прыняцці нейкіх рашэнняў, законнае абгрунтаванне ўжо не так запатрабавана.
Адвакаты як хуліганы і людзі, якія адмаўляюць правы міліцыі
Цікавая практыка прыцягнення адвакатаў у дысцыплінарнай адказнасці за ўчыненне нібыта адміністрацыйных правапарушэнняў. Калі памер накладзеных спагнанняў за парушэнне ПДР адрозніваецца ў дыяпазоне ад выключэння з калегіі за кіраванне ў стане алкагольнага ап'янення да заўвагі за пакіданне месца ДТЗ, то
з «дробным хуліганствам», «непадпарадкаваннем законнаму патрабаванню службовай асобы» і «распаўсюджваннем экстрэмісцкіх матэрыялаў» сітуацыя куды больш адназначная: усе адвакаты, якія нібыта здзейснілі гэтыя правапарушэнні, былі выключаныя.
Усяго за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў было прыцягнута да дысцыплінарнай адказнасці 19 адвакатаў, прычым 11 з іх — нібыта за ўчыненне правапарушэння, прадугледжанага арт. 24.3 КаАП — «непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў».
Гэта значыць, мяркуючы па аглядзе, кіраўніцтва калегій лічыць за лепшае мець у складзе калегій адвакатаў, якія без усялякіх пярэчанняў падпарадкоўваюцца ўсім патрабаванням службовых асоб.
Пры гэтым абгрунтаванасць прыцягнення адвакатаў да адміністрацыйнай адказнасці часта выклікае сумневы.
Напрыклад, даволі цяжка ўявіць, як у адной кансультацыі ў невялікім горадзе адразу тры адвакаты пачынаюць «не падпарадкоўвацца законным патрабаванням» прадстаўнікоў улады.
Пры гэтым нічога невядома пра факты прыцягнення адвакатаў да адказнасці па артыкуле 24.3 КаАП да 2020 года.
Таксама бачна, што калегіі адвакатаў не абараняюць сваіх чальцоў, а наадварот, па фармальных падставах пазбаўляюць іх права на прафесію.
Чытайце таксама:
Пазбавілі ліцэнзій яшчэ пецярых адвакатаў
Адвакаты, пазбаўленыя права на прафесію, аб'ядналіся ў асацыяцыю
Затрымалі адвакатаў Белавуса, Бабарыкі, Ціханоўскага, Аўтуховіча і іншых палітвязняў