Ці часта ўжо асуджаным палітвязням узмацняюць пакаранне?

Распыталі ў праваабаронцаў, што вядома пра такія выпадкі ціску на палітвязняў. Складана сказаць, ці гэта масавая практыка, але лічбы не адзінкавыя.

22.04.2023 / 11:27


Учора стала вядома, што «хатнім хімікам» Міхаілу Глухоўскаму (асуджаны за перакрыццё дарогі ля парку Чалюскінцаў падчас шэсця на Курапаты) і Дзмітрыю Бураму (удзельніку пары нядзельных маршаў) хочуць узмацніць пакаранне і замяніць на хімію з накіраваннем. Суд у Глухоўскага прайшоў учора, 20 красавіка, а ў Бурага будзе 27-га.

Праваабаронцы юрыдычнай службы «Вясны» кажуць, што колькасць такіх выпадкаў дакладна падлічыць складана.

«Па-першае, мы не адразу пачалі асобна адсочваць узмацненне пакарання. Па-другое, не заўсёды блізкія палітвязняў лічаць бяспечным дзяліцца інфармацыяй з праваабаронцамі, хоць, па сутнасці, цяпер гэта адзіны спосаб даведацца пра рэпрэсіі ў Беларусі.

На канец 2021 года, калі палітвязняў было менш за тысячу і шмат хто з іх толькі пачынаў адбываць пакаранне, нам вядома было пра 6 выпадкаў узмацнення пакарання з хатняй хіміі на хімію з накіраваннем. Але кожныя некалькі месяцаў мы даведваемся пра выпадкі ўзмацнення палітычным зняволенным пакаранняў тым ці іншым чынам.

Нядаўна «Медыязона Беларусь» налічыла каля 20 выпадкаў асуджэння тых, хто ў калоніях, па артыкуле 411, і мы б улічвалі гэтыя выпадкі таксама, бо нават калі чалавеку не змянілі пакаранне на больш строгае, то тэрмін зняволення падаўжаецца». 

Праваабаронцы дадаюць, што шмат каму пры абмежаванні волі скарачаюць час знаходжання па-за домам, людзей у калоніях змяшчаюць у ШІЗА і памяшканні камернага тыпу, і адчувальная частка такіх выпадкаў застаецца невядомай.

«Гэта працуе як рычаг уплыву на палітычных зняволеных і іх блізкіх, бо людзі баяцца нават гаварыць пра тое, што адбываецца, баяцца стаць «нязручнымі» сістэме (і атрымаць за гэта пакаранне. — НН)», — дадаюць у «Вясне».

Чытайце таксама:

За што сядзяць беларускія жанчыны?

За сакавік па крымінальных палітычных справах асудзілі не менш за 62 чалавекі

«У ГУБАЗіКу я ўбачыў шмат плакатаў з Z, V, «Радзіма-маці кліча». Роварны актывіст Максім Пучынскі расказаў пра сваю турэмную эпапею

Nashaniva.com