Усплёск ангін: як засцерагацца
У ЗША трывожны ўсплёск выпадкаў стрэптакокавых інфекцый супадае з дэфіцытам антыбіётыку, які часцей за ўсё выкарыстоўваецца для лячэння дзяцей. Што рабіць, каб не заразіцца?
24.04.2023 / 16:20
Выява: vecteezy
Стрэптакокавы фарынгіт (ангіна), выкліканы бактэрыяй, вядомай як A Streptococcus, уяўляе сабой інфекцыю задняй сценкі глоткі (уключаючы міндаліны) з вельмі непрыемнымі сімптомамі: тэмпература, моцны боль у горле, пачырваненне міндалін і павелічэнне лімфатычных вузлоў у раёне шыі. Таксама можа балець галава, можа быць млосна. Сімптомы звычайна з'яўляюцца праз адзін-тры дні пасля заражэння і працягваюцца ад 7 да 10 дзён.
Пакуль людзі масава насілі маскі і засцерагаліся падчас пандэміі Covid, нізкай трымалася і колькасць выпадкаў іншых інфекцыйных захворванняў ва ўсім свеце. Але цяпер многія з іх вяртаюцца. Так, у ЗША за апошнія два гады стрэптакокавы фарынгіт выйшаў на ўзровень, вышэйшы за дапандэмічныя паказчыкі, паведамляе амерыканскі Цэнтр па кантролі захворванняў (CDC).
І гэты ўсплёск выпадкаў стрэптакокавых інфекцый супадае з дэфіцытам аднаго з лекаў, які часцей за ўсё выкарыстоўваецца для лячэння падобных інфекцый, асабліва ў дзяцей. Па даных CDC, па ўсёй краіне найбольшы ўстойлівы рост колькасці самых цяжкіх стрэптакокавых інфекцый (вядомых як інвазіўныя стрэптакокавыя інфекцыі групы А) назіраецца менавіта ў дзяцей. Яны найбольш пацярпелі ад пастаяннага дэфіцыту антыбіётыкаў.
Gizmodo распавядае, што з кастрычніка 2022 года ў ЗША назіраецца дэфіцыт амаксіцыліну ў форме сіропу, які часцей за ўсё выкарыстоўваюць для лячэння стрэптакокавых інфекцый у дзяцей. Большасць фармацэўтычных кампаній, якія вырабляюць гэты прэпарат, назвалі «павелічэнне попыту» як прычыну яго абмежаванай даступнасці. Пры планаванні вытворчасці кампаніі часта абапіраюцца на даныя аб продажах у мінулыя гады. Такім чынам, многія фармацэўтычныя вытворцы памыліліся, выкарыстоўваючы гады пандэміі ў якасці даных для планавання.
Каб пазбягаць ангін, трэба выконваць правілы індывідуальнай гігіены:
- карыстацца толькі індывідуальным посудам, бутэлькай з пітной вадой;
- мінімізаваць кантакты з хворымі на вострыя рэспіраторныя захворванні;
- часцей мыць рукі;
- дэзынфікаваць рукі спецыяльнымі сродкамі, калі няма ўмоў для іх мыцця вадой з мылам;
- не курыць;
- не перамярзаць;
- займацца спортам або даваць сабе іншыя фізічныя нагрузкі.
Толькі на асабістым прыкладзе можна навучыць дзяцей гэтым простым правілам і зрабіць іх звычкай для ўсёй сям'і.
Чытайце таксама:
Чалавецтва стаіць на мяжы найсур’ёзнейшага антыбіятычнага крызісу, папярэджвае СААЗ
Як мільярды мікраарганізмаў у кішэчніку могуць умацаваць ваша псіхічнае здароўе