«Горват з'ехаў, але пакуль нічому не канец». Пятро Кузняцоў расказаў, што цяпер з аднаўленнем палаца Горватаў у Нароўлі

Гомельскі журналіст Пятро Кузняцоў, які апошнія амаль чатыры месяцы нічога не пісаў у сваім некалі папулярным тэлеграм-канале, палічыў патрэбным перарваць маўчанне і растлумачыць грамадскасці, што цяпер будзе з палацам Горватаў у Нароўлі, які амаль тры гады таму ён з кампаньёнамі выкупіў і ўзяўся даводзіць да ладу. 

20.04.2023 / 19:54

Палац Горватаў з вышыні птушынага палёту

На пачатку допісу Кузняцоў нагадвае, што не так даўно адзін з яго кампаньёнаў, вядомы пісьменнік Андрэй Горват

«напісаў у ФБ пост, з якога ўсе цалкам абгрунтавана зразумелі, што аўтар пакінуў краіну. І пасля зрабілі не менш абгрунтаваную выснову, што палацам у Нароўлі ён больш займацца не будзе».

Аднак жа, нагадвае журналіст, Горват у гэтай справе быў не адзін:

«Нараўлянскі палац роду Горватаў XIX стагоддзя восенню 2020 года быў выкуплены на аўкцыёне з мэтай рэстаўрацыі кампаньёнамі ў складзе: Андрэй Горват, Пётр Кузняцоў і Аляксандр Баранаў».

І кампаньёны з таго часу не сядзелі склаўшы рукі:

«З таго моманту палац быў цалкам расчышчаны, створаны праект кансервацыі, згодна з ім, закладзеныя асновы даху, створаны і амаль узгоднены праект рэканструкцыі».

Паводле Кузняцова, Андрэй Горват у працэсе рэстаўрацыі палаца быў несумненна важнай фігурай: бо

«адыгрываў вядучую публічную ролю і вядучую арганізацыйную: ён пасяліўся ў Нароўлі, непасрэдна арганізоўваў усе працы на месцы, каардынаваў усе намаганні валанцёраў, размаўляў са СМІ і мясцовай уладай».

Таму, калі Горват выехаў з Беларусі і паведаміў пра гэта даволі невыразна, «вакол тэмы нарадзілася мноства здагадак, чутак і плётак», якія Кузняцоў сваім пастом паставіў мэту развеяць. Ён вылучыў тры асноўныя «міфы», якія склаліся вакол сітуацыі:

«Міф 1. Праекту «канец», таму што Андрэй Горват з'ехаў з прычыны пераследу праз гэты сам праект. Як правіла, тыя, хто гаворыць такое, ніяк не тлумачаць логіку падобнага зняволення, але чуць, што нас усіх «прэсуюць з-за палаца», даводзіцца часта».

У адказ на гэта Кузняцоў сцвярджае, што гэта няпраўда. З палацам ад'езд Горвата ніяк не звязаны, там іншая гісторыя.

«Міф 2. Тое, што праекту «канец», стала зразумела, пасля таго, як у СМІ з'явілася інфармацыя, што была закрытая арганізацыя — юрыдычная асоба, на якую быў набыты палац».

Гэта таксама, паводле Кузняцова, няпраўда. Закрытая была арганізацыя, якая працавала ў Мазыры і да палаца непасрэднага дачынення не мела, толькі ўскоснае. А пацярпела па іншых прычынах.

«Міф 3. Усяму «канец», таму што Горват з'ехаў».

Кузняцоў сцвярджае, што «на гэты момант усе працы, якія вяліся па распрацоўцы і ўзгадненні праектнай дакументацыі, працягваюцца мной — нічога не спынілася».

Ён не адмаўляе таго, што дадатковая нагрузка, якая на яго звалілася, «нечаканы, непрыемны і вельмі непатрэбны снег на галаву — вясной», бо хапае аж з лішкам уласных праблем самага рознага кшталту. Але ўсё ж такі ён, нягледзячы ні на што, у гэта ўпрогся і цягне.

«Калі мяне спытаць, навошта мне гэта наогул трэба, рацыянальна я, напэўна, сказаў бы, што не ведаю. Магчыма, характар у мяне такі, дурны — пакуль фізічна магчыма, не кідаю ні спраў, ні людзей.

Таму пакуль — нічому не канец. Палац ніхто не рэпрэсаваў і тут пакуль яшчэ ёсць, каму ім займацца. А вось што атрымаецца — мы ўжо адносна хутка будзем бачыць. І залежаць усё гэта будзе ад нас з вамі», — завяршае свой допіс Пятро Кузняцоў.

Чытайце таксама:

Палац у Нароўлі плануюць рэканструяваць: патрэбная дапамога

Аўтар бестселера «Радзіва Прудок» запрашае на расчыстку палаца ў Нароўлі

«Гэта кніга, якую зараз пішу». Як аўтар бестселера «Радзіва Прудок» вяртае з нябыту Нараўлянскі палац

Nashaniva.com