Гэты напой падтрымае імунітэт і дапаможа заснуць

Мёд здаўна лічыцца лекавым прадуктам. Ён дабратворна ўздзейнічае на арганізм пры захворваннях сардэчна-сасудзістай сістэмы, органаў стрававання, аказвае антыстрэсавае ўздзеянне, паляпшае памяць, стымулюе імунітэт. У мёдзе ўтрымліваецца і глюкоза, якая дае зарад энергіі на дзень.

17.04.2023 / 21:17

Чым карысная вада з мёдам?

Самая важная ўласцівасць такога напою ў спрыяльным уздзеянні на стрававальную сістэму і кішэчнік. Яна стварае асяроддзе, неспрыяльнае для нармальнай жыццядзейнасці паразітаў, бактэрый і грыбкоў. Рэгулярны прыём напою прывядзе да ачышчэння страўнікава-кішачнага тракту. Ён спрыяе аздараўленню тоўстага кішэчніка, аднаўленню яго працы і ачыстцы ад таксінаў.

Акрамя гэтага, рэгулярнае піццё вады з мёдам умацуе імунную сістэму, зменшыць рызыку захворванняў. Развядзенне мёду ў вадзе павышае яго бактэрыцыдную актыўнасць.

Прыняцце напою зранку актывуе мазгавую дзейнасць, а вечарам акажа заспакаяльнае ўздзеянне на арганізм і дапаможа заснуць пры бяссонніцы.

Дзякуючы ўтрыманню ў мёдзе фруктозы, мядовая вада палегчыць алкагольнае пахмелле і дадаткова забяспечыць арганізм каштоўнымі мікраэлементамі.

Як прыгатаваць мядовы напой

Прыгатаванне напою здаецца простым, але трэба прытрымлівацца некаторых правіл і ўлічваць розныя моманты.

Нельга выкарыстоўваць мёд, які падвяргаўся рознага роду апрацоўкам. Важна падабраць толькі натуральны прадукт.

Вада абавязкова выкарыстоўваецца сырая, але ачышчаная ад шкодных дамешкаў. Падыдзе фільтраваная або бутыляваная.

Для падрыхтоўкі раствору тэмпературны паказчык вады не павінен перавышаць 40°C, бо пры большай тэмпературы мёд губляе свае лекавыя ўласцівасці і дзейнічае толькі як падсалоджвальнік.

У прыгатаваным напоі канцэнтрацыя мёду не павінна быць вышэйшай за 30%.

Што можна дадаць у мядовы напой

У залежнасці ад мэты прыёму прыгатаванне мядовага напою мае некаторыя асаблівасці.

Класічны мядовы напой гатуецца шляхам растварэння ў 250 мл вады адной чайнай лыжкі мёду.

Мядовая вада з дадаткам сталовай лыжкі яблычнага воцату добра паўплывае на працэсы метабалізму, акажа заспакаяльнае ўздзеянне на нервовую сістэму, дапаможа пры бяссонніцы і стрэсе.

Аднак найлепшае заспакаяльнае ўздзеянне напою будзе, калі ў яго дадаць корань валяр'яны. Для гэтага адну сталовую лыжку кораня валярʼяны заліваюць 0,5 літра кіпеню і змяшчаюць у тэрмас на 2-3 гадзіны. Затым наліваюць у шклянку, даюць астыць і дадаюць мёд.

Дадаванне свежавыціснутага лімоннага соку (10-15 кропель) паспрыяе ачышчэнню арганізму, выведзе лішнюю вадкасць і выступіць у якасці слабіцельнага сродку. Акрамя гэтага, лімон умацуе імунітэт і паскорыць абменныя працэсы ў арганізме.

Дадаванне ў напой здробненага кораня імбіру павысіць яго супрацьвірусныя ўласцівасці, паскорыць метабалізм і прыглушыць пачуццё голаду. Для гэтага 3 грамы імбіру націраюць на тарцы і дадаюць у ваду.

А зніжэнню вагі і ўзроўню халестэрыну дапаможа мядовы напітак з дадаваннем паловы чайнай лыжкі молатай карыцы і 1 сталовай лыжкі свежавыціснутага цытрынавага соку. Карыцу папярэдне заліваюць кіпнем і пакідаюць на паўгадзіны для таго, каб яна астыла. Затым дадаюць мёд.

Летам для атрымання асвяжальнага напою ў ваду з мёдам можна дадаць лісты парэчкі ці мяты.

Калі і як піць мядовы напой

Дактары раяць піць мядовую ваду ранкам нашча за паўгадзіны да ежы. Ужываць трэба толькі свежапрыгатаваны напой. Выпіць трэба ўсю ваду цалкам і залпам.

Вечарам напой трэба выпіць за гадзіну да сну.

Днём мядовую ваду выпіваюць за 20 хвілін да ежы, і ў адрозненні ад ранішняга прыёму піць рэкамендуецца маленькімі глыткамі.

Дактары рэкамендуюць не злоўжываць мядовым напоем. Піць за адзін раз не больш за шклянку вады.

Каму супрацьпаказаны мядовы напой

Нягледзячы на відавочную карысць, мядовы напой нельга ўжываць, калі вы маеце алергію на прадукты пчалярства, цукровы дыябет, павышаную кіслотнасць страўніка. Нельга гэты напой прымаць цяжарным і тым, у каго абвастрыліся хранічныя захворванні страўніка і кішэчніка.

Чытайце яшчэ:

Беларускі крупнік: самы стары з еўрапейскіх мядовых лікёраў

Наколькі гарбата карысная для вашага здароўя 

Як заварваць зялёную гарбату? Вось што важна ўлічваць

Nashaniva.com