Навукоўцы стварылі ядомы акумулятар
Глытаць батарэйкі не рэкамендуецца. Але часам медыцынскія прыборы, прызначаныя для глытання, усё ж утрымліваюць элементы сілкавання. Новы тып ядомых батарэй можа зрабіць такія прылады больш бяспечнымі для выкарыстання.
17.04.2023 / 16:16
Фота: opentalk.iit.it
Эксперыментальная ядомая батарэя распрацаваная ў італьянскім тэхналагічным інстытуце (IIT). У яе аснове ляжаць біяхімічныя акісляльна-аднаўленчыя рэакцыі, падобныя на тыя, што выпрацоўваюць энергію ў клетках чалавека і іншых жывёл.
Анод батарэі складаецца з рыбафлавіну (ён жа вітамін В2), а катод — з кверцэтыну. Абодва рэчывы ўтрымліваюцца ў прыродзе ў розных раслінах і іншых прадуктах харчавання. Для павышэння праводнасці дадаткова выкарыстоўваецца актываваны вугаль.
Электраліт заснаваны на вадзе, а сепаратар (пранікальная мембрана паміж анодам і катодам, якая прадухіляе кароткія замыканні) выраблены з марскіх водарасцяў норы, якія звычайна выкарыстоўваюцца ў сушы. Нарэшце, два кантакты з харчовай залатой фольгі на анодзе і катодзе пакрытыя пчаліным воскам.
Пасля зарадкі акумулятар выдае 0,65 вольта і здольны забяспечыць ток у 48 мікраампер на працягу 12 хвілін або некалькіх мікраампер цягам гадзіны. Хоць гэта не вельмі ўражвае, па словах навукоўцаў, гэтага дастаткова, каб сілкаваць невялікія электронныя прылады, такія як святлодыёды з нізкім энергаспажываннем.
Па словах вядучага аўтара даследавання Марыё Кайроні, такія батарэйкі могуць стаць асновай для ядомых прылад і датчыкаў, якія дазволяць кантраляваць стан здароўя пацыентаў. Таксама яны могуць быць карысныя пры стварэнні кампактных сэнсараў для маніторынгу ўмоў захоўвання ежы.
Яшчэ адна патэнцыйная сфера выкарыстання — электронныя дзіцячыя цацкі, для якіх высокая рызыка праглынання. Калі дзіця ўсё ж праглыне такую цацку, можна будзе прынамсі не турбавацца адносна таго, што яно атруціцца таксічным электралітам.
На гэты момант навукоўцы працуюць над стварэннем ядомых батарэек большай магутнасці і меншага памеру. Апісанне распрацоўкі апублікаванае ў часопісе Advanced Materials.
Чытайце таксама:
З'явіўся першы ў свеце «разумны» пісталет, які ніколі не стрэліць у чужых руках
Даследчыкі стварылі акуляры-санары, якія адсочваюць рухі твару для бясшумнай камунікацыі
Гэты рабатызаваны экзашкілет зможа забяспечыць чалавеку звышчалавечую раўнавагу