«Асцерагаецца, што апазіцыя пачне выкарыстоўваць сілавы сцэнар». Чаму Лукашэнка загаварыў пра дадатковыя гарантыі бяспекі ад РФ?

На сустрэчы з міністрам абароны РФ Сяргеем Шайгу Лукашэнка заявіў, што яму ад Расіі патрэбны гарантыі абароны беларускай тэрыторыі як уласнай. Спыталі меркаванне экспертаў, чаму менавіта цяпер Лукашэнка выступіў з такімі патрабаваннямі.

13.04.2023 / 09:28

Фота: АР

«Лукашэнка атрымаў моцную траўму ў жніўні 2020-га»

Палітычны аналітык праекта «Позірк» Аляксандр Класкоўскі называе некалькі прычын, чаму Лукашэнка загаварыў пра неабходнасць атрымання дадатковых гарантый бяспекі ад Расіі.

На думку аналітыка, заявы Лукашэнкі перш за ўсё звязаны з ягоным страхам згубіць уладу. Класкоўскі мяркуе, што Лукашэнка сам у значнай ступені верыць у тую канспіралогію, пра якую ён кажа.

Аляксандр Класкоўскі

«Ён сапраўды можа верыць у тое, што НАТА лязгае гусеніцамі і шчоўкае зубамі на мяжы з Беларуссю. Лукашэнка верыць, што з дапамогай, як ён кажа, «збеглых радыкалаў» яны могуць уварвацца ў Беларусь.

Натуральна, усё гэта яго напружвае, хоць, на маю думку, ён сам і ягонае атачэнне моцна гіпербалізуюць гэтыя магчымасці апазіцыі. Але, тым не менш, гэта ягоныя рэальныя фобіі», — кажа Класкоўскі.

Аналітык лічыць, што ў Лукашэнкі дагэтуль ёсць адчуванне адсутнасці лаяльнасці ў значнай часткі насельніцтва.

Кажучы пра фобіі Лукашэнкі, Аляксандр Класкоўскі нагадвае пра моцную псіхалагічную траўму, якую той атрымаў у жніўні 2020 года.

«Тады Пуцін пэўны час трымаў паўзу. Толькі ў канцы жніўня ён публічна выказаў сваю падтрымку Лукашэнку і паведаміў, што трымае на мяжы ўзброены рэзерв, які пры неабходнасці можа накіраваць на ягоную падтрымку.

Таму ў Лукашэнкі застаецца засцярога таго, што ў нейкі момант нават Крэмль можа зноў пачаць вагацца, падтрымліваць яго ці не».

«Лукашэнка ўсведамляе, што Расія можа атрымаць паразу ў вайне»

Іншы чыннік, які аналітык таксама называе вельмі важным, — гэта чаканне, якім будзе ўкраінскі контрнаступ.

«Лукашэнка ўсведамляе, што Расія можа атрымаць моцную паразу ў вайне, таму можа адбыцца так, што ім ужо будзе не да хаўрусніка ў выглядзе Лукашэнкі, бо ў першую чаргу ім трэба будзе займацца ўнутранымі праблемамі.

Ён асцерагаецца, што ў такім выпадку могуць актывізавацца «беглыя радыкалы», якія пачнуць выкарыстоўваць свае сілавыя сцэнары, актывізуюць план «Перамога», да іх падключыцца полк Каліноўскага і г. д. Таму ён хоча атрымаць дадатковыя гарантыі ад Крамля, каб у нейкай крытычнай сітуацыі ўтрымацца ва ўладзе з дапамогай Масквы», — кажа Класкоўскі.

Такая рыторыка Лукашэнкі, на думку аналітыка, таксама мае непасрэдную сувязь з жаданнем размясціць на сваёй тэрыторыі ядзерную зброю.

«Ён лічыць, што, атрымаўшы ЯЗ і доступ да яе выкарыстання, ён зможа лепей умацаваць сваю ўладу, бо ў выпадку чаго ў яго ёсць тактычная ядзерная зброя, якую ён можа выкарыстаць. Пра вялікія спадзяванні на ЯЗ указваюць і іншыя моманты. Магчыма, ідзе гаворка пра ўнясенне змен у Ваенную дактрыну Расіі, таму ён і хоча замацаваць, каб напад на Беларусь раўняўся нападу на Расію з усімі наступствамі», — лічыць эксперт.

Скрыншот відэа

Аднак, на думку аналітыка, калі адбудзецца такі сцэнар, што Расія атрымае моцную паразу на фронце, то Крамлю ўжо можа стаць не да Лукашэнкі.

«У такім выпадку іх першачарговай задачай будзе вырашэнне праблем у самой Расіі, таму ім можа быць проста не да Лукашэнкі. У любых форс-мажорных абставінах у Крамлі дзейнічаюць выключна ў сваіх інтарэсах, а не так, як напісана ў нейкіх там пагадненнях.

Таму варта разумець, што ніякія дадатковыя гарантыі, прапісаныя ў нейкіх дакументах, яму могуць не дапамагчы, бо можа стацца так, што Крамлю ўжо будзе банальна не да яго», — лічыць Класкоўскі.

Лукашэнка хоча паказаць, што ён тут нешта вырашае

Таксама эксперт не выключае, што ўсе гэтыя заявы Лукашэнкі могуць быць часткай піяр-кампаніі, у якой Лукашэнка намагаецца даказаць, што ён сам вырашае, як будуць выбудоўвацца вайсковыя адносіны з РФ.

«Відавочна, што Расія будзе ўзмацняць сваю вайсковую прысутнасць у Беларусі і таму, каб не выглядаць марыянеткай Крамля, ён хоча паказаць, што нібыта ён сам запрасіў іх да сабе і што ён будзе вырашаць, што і як ім тут рабіць».

Аляксандр Класкоўскі лічыць, што калі такія размовы ўжо выйшлі на самы высокі ўзровень і дабраліся да публічнай прасторы, то верагоднасць з’яўлення і прыняцця новых вайсковых пагадненняў надзвычайна высокая.

«Такія дзеянні адпавядаюць інтарэсам Расіі, бо ў іх разуменні гэта легалізуе ўзмацненне вайсковай прысутнасці ў Беларусі. Для нас жа гэта будзе азначаць, што расійская шчупальцы ўсё мацней будуць ахутваць Беларусь».

«Гэта працяг палітыкі Крамля па знішчэнні незалежнасці Беларусі»

Намеснік кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка ўпэўнены, што Лукашэнка вельмі нервуецца напярэдадні ўкраінскага контрнаступу.

Павел Латушка

«Ён выдатна разумее, што ён у адной лодцы з Пуціным, як ён кажа, у адным акопе. Ён здае суверэнітэт пад гэтыя гарантыі, а па сутнасці за гэтым стаіць страх, бо поспехі на фронце Украіны могут прывесці да дэстабілізацыі ў тым ліку і ў Расіі.

Гэта пытанне асабістай улады, а для яго ўлада — гэта жыццё», — кажа Латушка.

Ён мяркуе, што Лукашэнка з Пуціным ужо дамовіліся аб гэтым і па сутнасці гэты працэс ужо адбываецца.

Чарговы крок на шляху страты вайсковага суверэнітэту

«Таму я лічу, што ядзерная зброя хутка апынецца на тэрыторыі Беларусі і што колькасць сумеснай групоўкі павялічыцца, а гэта, у сваю чаргу, павялічвае ўплыў Расіі на Беларусь. Гэта стратэгічная мэта Крамля, і страхі Лукашэнкі расіяне вельмі добра выкарыстоўваюць у сваіх мэтах.

Гэта чарговы крок на шляху канчатковай страты вайсковага суверэнітэту. Яго і так засталося на тры дні, а зараз гэта будзе замацавана дакументальна. Таму гэта працяг палітыкі Крамля па знішчэнні незалежнасці Беларусі», — лічыць палітык.

Чытайце таксама: 

«Частка нейтралаў паддаецца прапагандзе. Пачынаюць думаць, што, можа, так і трэба». Як будзе развівацца беларускае грамадства ва ўмовах татальных рэпрэсій

Nashaniva.com