У Вялікабрытаніі пачалося маштабнае даследаванне сувязяў каралеўскай сям'і з гандлем рабамі

Кароль Карл III вырашыў падтрымаць гэтую ініцыятыву.

08.04.2023 / 20:38

Фота: vecteezy

У Вялікабрытаніі вырашылі пачаць вялікае незалежнае даследаванне сувязяў брытанскіх манархаў і ўвогуле ўсёй манархічнай сістэмы краіны з гандлем рабамі, які адбываўся падчас каланіяльнай эпохі. 

Гэтая ініцыятыва непасрэдна звязана з апублікаваннем аднаго архіўнага дакумента, які 6 красавіка эксклюзіўна і ўпершыню з'явіўся ў артыкуле выдання The Guardian.

Як піша выданне, гэты дакумент сведчыць аб прамой сувязі кіраўнікоў брытанскай манархіі з трансатлантычным гандлем рабамі ў XVII-XVIII стагоддзях.

«Гісторык Брук Ньюман знайшоў у Дзяржаўным архіве Вялікабрытаніі дакумент, у якім падрабязна апісваецца перадача акцый Каралеўскай афрыканскай кампаніі (Royal African Company, RAC) ва ўласнасць тагачаснага караля Англіі Вільгельма III Аранскага (пад дакументам стаіць яго асабісты подпіс) у 1689 годзе.

Гэтая англійская кампанія была манапалістам у трансатлантычнай гандлі рабамі: толькі па афіцыйных звестках RAC за 60 гадоў сваёй дзейнасці перавезла ў Амерыку амаль 187 тысяч заняволеных афрыканцаў, сярод іх амаль 24 тысячы — гэта дзеці.

Толькі падчас транспартаванняў загінула звыш 38 тысяч рабоў», — піша The Guardian.

Архіўны дакумент, які быў апублікаваны ў артыкуле The Guardian. У ім гаворыцца аб пераводзе акцый рабаўладальніцкай Каралеўскай афрыканскай кампаніі (RAC) на імя караля Англіі Вільгельма III Аранскага, які піша ў дакуменце, што «пагаджаецца з пераводам акцый». Фота: Brooke Newman/RAC archive/Public Record Office (Дзяржаўны архіў Вялікабрытаніі)

Публікацыя гэтага дакумента надала моцны імпульс незалежнай навуковай супольнасці глыбока даследаваць карані ўзаемадзеяння з рабаўладальніцтвам не толькі ў брытанскіх манархаў мінулага, але і ў цяперашняй каралеўскай сям'і Вялікабрытаніі — прадстаўнікоў правячай дынастыі Віндзораў.

Каралеўская сям'я на падобную ініцыятыву ўпершыню адрэагавала станоўча — дзейны брытанскі манарх Карл III адразу пасля з'яўлення артыкула The Guardian публічна падтрымаў гэтыя даследаванні, адзначыўшы, што дае дазвол на карыстанне каралеўскімі архівамі. Пра гэта напісалі многія брытанскія СМІ.

Кароль Англіі Вільгельм III Аранскі (1650—1702). Фота: Wikimedia Commons

«Неверагодна абнадзейвае той факт, што манархія праяўляе ўсё большы ўдзел у вырашэнні пытанняў, звязаных з несправядлівасцю рабства. Цудоўна бачыць, як Карл абапіраецца на спадчыну сваёй маці», — сказала агенцтву BBC доктар Халіма Бегум, выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра па расавай роўнасці Runnymede Trust.

Іншы эксперт, гісторык Алекс фон Тунцэльман, у інтэрв'ю The Times адзначыла, што «ніякая частка гісторыі не павінна быць закрытая для даследаванняў і абмеркаванняў».

«Ніхто не думае, што цяперашняя каралеўская сям'я нясе асабістую адказнасць за рабства. Але адзінае, за што яны могуць узяць на сябе адказнасць, — гэта тое, як яны ставяцца да гэтай гісторыі сёння. Мы жывём у дэмакратычнай канстытуцыйнай манархіі, а не ў дыктатуры, і ніякая частка гісторыі не павінна быць закрытая для даследаванняў і абмеркаванняў», — сказала яна. 

Апроч гэтага, экспертамі і навукоўцамі выказваецца ўпэўненасць, што згода Карла III падтрымаць даследаванні па сувязях манархіі з рабствам можа стаць маштабным прэцэдэнтам: гэта можа даць старт далейшым расследаванням гісторыі і злачынстваў Брытанскай імперыі ў каланіяльную эпоху, а таксама пашырыць гэтыя даследаванні і на іншых еўрапейскіх каланіяльных гульцоў.

Чытайце таксама:

У Вестмінстэрскім абацтве ўпершыню любы ахвотны зможа прайсціся па легендарнай «каранацыйнай пляцоўцы». Але толькі з адной умовай ФОТЫ

Чарльз, Карл, Караль? Як называць новага брытанскага манарха па-беларуску

«Косаўскі Джордж Вашынгтан». У Гаазе судзяць былога прэзідэнта Косава, якога вінавацяць у ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасці

Nashaniva.com