У Ружанах аднаўляюць капліцу святога Казіміра
Неўзабаве, як абяцаюць брэсцкія чыноўнікі, да турыстычных атракцый рэгіёна далучыцца яшчэ адзін адноўлены сакральны будынак — капліца святога Казіміра ў Ружанах Пружанскага раёна.
07.04.2023 / 22:33
Каменнае збудаванне з чатырохкалонным порцікам на галоўным фасадзе і невысокім дахам эпохі класіцызму з'явілася ў Ружанах у канцы ХVІІІ стагоддзя. Храм аздаблялі ляпныя архітэктурныя дэталі фасадаў і інтэр'ера, але яны выглядалі стрымана. Капліца ўваходзіла ў комплекс базыльянскага манастыра і знешнім выглядам адпавядала свайму прызначэнню.
— І хоць помнік гісторыі і культуры адносна добра захаваўся для пабудовы яго ўзросту, асабліва хутка стаў разбурацца ў канцы мінулага — пачатку гэтага стагоддзя. Што і не дзіва: пабудова ніяк не выкарыстоўвалася, не значылася на балансе, — гаворыць старшыня Ружанскага сельсавета Аксана Юркоўская. — У абарону помніка выказваліся прадстаўнікі грамадскасці, спецыялісты. Было некалькі спроб сабраць сродкі на рэстаўрацыю, і вось нарэшце фундатары знайшліся. З 2019 года мы займаліся гэтым пытаннем, зрабілі ўсе дакументы. А пазалетась рашэннем сесіі сельвыканкама капліцу перадалі на баланс рэлігійнай абшчыны прыхода Святой Тройцы, якая цяпер і выступае заказчыкам будаўнічых і рэстаўрацыйных работ».
Спецыялісты філіяла «Брэстрэстаўрацыя» ААТ «Белрэстаўрацыя» працуюць на аб'екце з сакавіка мінулага года.
Архітэктары адзначаюць добрую захаванасць асобных частак пабудовы. Напрыклад, алтар фактычна аказаўся непашкоджаны, засталіся элементы дэкору і карнізы. На франтоне будынка цалкам аднавілі крыж.
Сцвярджаецца, што рэстаўратары пастараліся захаваць як мага больш аўтэнтычных элементаў, і арыгінальныя бэлькі ўдалося часткова захаваць. Цяпер пачынаюць унутраную і знешнюю аддзелку сцен.
Навуковы кіраўнік і галоўны архітэктар праекта філіяла «Брэстрэстаўрацыя» Святлана Корсунава гаворыць, што капліца стала адным з найцікавейшых аб'ектаў апошніх гадоў:
«Усё-такі будынак у параўнанні з тым жа Ружанскім палацам пацярпеў менш, хоць і быў у аварыйным стане.
Цагляную падлогу мы фактычна аднаўляем з сучасных матэрыялаў, захаваўшы толькі яе ідэю. А вось тынкоўка месцамі добра захавалася.
Яе аднаўляем на падставе фізіка-хімічных даследаванняў фарбы, якія праводзяць спецыялісты нашай лабараторыі і лабараторыі Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта».
Завяршыць усе работы плануецца гэтым летам.
Чытайце таксама:
Як выглядае сядзіба Тадэвуша Рэйтана ў Грушаўцы, дзе праходзіць рэканструкцыя
На Шчучыншчыне пачалася рэстаўрацыя Маламажэйкаўскай царквы ў Мураванцы
Пяць прычын, чаму Мінск нашай мары наўрад ці адродзіцца, ці Пра што не сказаў Абламейка