Лукашэнка апраўдваўся перад Нарышкіным за пашкоджанне каштоўнага расійскага самалёта

Аляксандр Лукашэнка сёння ў Мінску сустрэўся з кіраўніком Службы знешняй разведкі Расіі Сяргеем Нарышкіным.

04.04.2023 / 12:03

Сяргей Нарышкін, Іван Церцель і Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы. Фота: БелТА

Спачатку ён закрануў вайну ва Украіне, назваўшы яе спецыяльнай ваеннай аперацыяй, і традыцыйна заявіў пра знешнія пагрозы.

«У сувязі з рознымі падзеямі ў свеце, і не апошняя прычына тут і антытэрарыстычная СВА Расійскай Федэрацыі — аперацыя, якая прымусіла нас з усіх бакоў паглядзець на ўсе структуры сілавога блока. Як я часта кажу, не было б гэтага, дык трэба было б прыдумаць, каб нас дзесьці падшпіліць. Таму пачалі актыўна працаваць. Але пагрозы вельмі сур'ёзныя. Часам неймаверныя», — сказаў Лукашэнка.

Ён панаракаў, што спецслужбы не за ўсімі могуць угнацца «з улікам імклівага развіцця розных тэхнічных сродкаў».

«Мы не ад бога, і ўсё прадугледзець не можам, — нібы апраўдваўся ён за пашкоджаны расійскі самалёт, які стаяў у Мачулішчах.

— І ў нас, і ў вас з'яўляюцца рознага роду адмарозкі менавіта ўнутры грамадства, на якіх робяць стаўку замежныя тэрарысты [гэта хлуслівае сцвярджэнне, Украіна вядзе абарончую вайну — НН]. Іх інакш не назавеш. Гэта не разведка, не контрразведка, гэта проста нашы ворагі. Яны (апаненты і ворагі за мяжой) знаходзяць у нашым лагеры, як прынята казаць, адпаведных людзей, робяць на іх упор».

Лукашэнка заявіў, што за дыверсію ў Мачулішчах яны затрымалі «больш за 30 памагатых».

«Яны адкуль? Яны былыя і сапраўдныя сволачы, якія жывуць у нашым грамадстве (інакш іх, брыдоту гэтую, назваць не магу), якія дапамагаюць здзяйсняць супрацьпраўныя дзеянні. Тым больш тэракты на ўласнай зямлі, супраць сваіх жа суайчыннікаў» [гэта хлуслівае сцвярджэнне, у Мачулішчах быў атакаваны расійскі самалёт, з якога ажыццяўлялася навядзенне ракетных удараў па Украіне, ніхто з людзей не пацярпеў — НН].

КДБ прыгразіў фігурантам крымінальнай справы па дыверсіі ў Мачулішчах смяротным пакараннем

Стала вядома пра мужа і жонку, затрыманых па справе дыверсіі ў Мачулішчах

«Аддадзена каманда на зачысткі». Карпянкоў расказаў, як сілавікі рыхтуюцца змагацца з апазіцыяй

Nashaniva.com