Забойства Татарскага можа быць сведчаннем унутранай барацьбы ў Расіі — ISW

Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) прысвяціў частку сваёй франтавой зводкі смерці расійскага ваеннага блогера Уладлена Татарскага, які загінуў падчас «творчай сустрэчы» ў Санкт-Пецярбургу.

03.04.2023 / 07:46

 Уладлена Татарскага забіла 2 красавіка выбухам у кавярні Street Food Bar №1 у Санкт-Пецярбургу. Фота: «Бумага» 

Па заключэнні экспертаў ISW, расійскія чыноўнікі і прапагандысты паспяшаліся абвінаваціць у арганізацыі выбуху Украіну, хоць прадстаўнікі Кіева адпрэчылі сваё дачыненне да таго, што адбылося. 

У зводцы прыводзіцца меркаванне заснавальніка ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына, які 2 красавіка заявіў, што не стаў бы вінаваціць Кіеў у смярцях Татарскага і Дарʼі Дугінай — дачкі філосафа Аляксандра Дугіна, якая загінула пры выбуху пад Масквой. 

ISW нагадвае, што Татарскі (сапраўднае імя якога Максім Фамін) быў забіты ў кавярні, якая належыць Прыгожыну. «Забойства Фаміна ў бары Прыгожына, верагодна, зʼяўляецца часткай больш агульнай тэндэнцыі да эскалацыі ўнутрырасійскіх канфліктаў з удзелам Прыгожына і «Вагнера», — лічаць эксперты Інстытута.

На іх думку, «забойства Фаміна, магчыма, было папярэджаннем Прыгожыну, які ўсё больш ставіў пад пытанне галоўныя прапагандысцкія тэзісы Крамля пра вайну ва Украіне і нават туманна намякаў на сваю цікавасць да пасады расійскага прэзідэнта — альбо ў якасці канкурэнта Пуціну, альбо як яго пераемнік».

«Біяграфія і паводзіны Фаміна нагадваюць самога Прыгожына — яны абодва сталі вядомымі ультранацыяналістычнымі фігурамі пасля таго, як адсядзелі ў турме», — заўважае ISW.

Саксама сказана ў зводцы, што расійскія чыноўнікі, магчыма, маюць намер выкарыстоўваць забойства Фаміна, каб узмацніць самацэнзуру сярод расійскай грамадзянскай супольнасці, якія ставяць пад пытанне поспехі Расіі на вайне.

Гэтае забойства паглыбляе раскол у асяроддзі расійскіх вайсковых блогераў, што можа згуляць на руку жаданню Крамля ўмацаваць кантроль над інфармацыйнай прасторай, мяркуюць у ISW.

Nashaniva.com