Што вядома пра дзяўчыну, якая падарыла залатую статуэтку прапагандысту Татарскаму

абноўлена

Падчас творчага вечара ў Піцеры ваеннаму прапагандысту Уладлену Татарскаму ўручылі ягоны залаты бюст у касцы. Верагодна, у ім і была закладзена выбухоўка. Падарунак зрабіла дзяўчына — вось што пра яе паведамляюць.

02.04.2023 / 22:15

Як мяркуецца, дзяўчыну, якая ўручыла статуэтку, завуць Марыя Я., яна з Івана-Франкоўска, паведамляе канал «Раньше всех. Ну почти». Назвалася яна Настассяй.

Паводле інфармацыі Baza, на датычнасць да выбуху правяраюць і іншую дзяўчыну. Яе клічуць Дар'я Т. У лютым 2022 яе двойчы затрымлівалі падчас антываенных мітынгаў у Санкт-Пецярбургу.

Дзяўчына, як піша 112, знаходзіцца ў адной з бальніц Санкт-Пецярбурга. Яе стан лекары ацэньваюць як сярэдняй ступені цяжкасці. Яна знаходзіцца ў шокавай палаце, дакументаў пры ёй не знайшлі.

Як пісала «Фантанка», пасля ўручэння падарунка дзяўчына заняла сваё месца ў зале. Праз пяць хвілін прагрымеў выбух.

«Адна за столікам сядзела нейкая Насця, кажа: я мастачка, хацела рабіць героіку СВА, але гэта няпроста. Таму я зрабіла ваш бюст пакуль толькі. Ён у гардэробе. Ідзе туды, бярэ вялікую скрынку, аддае яму, там нешта пазалочанае. Ён жартуе: маўляў, спадзяюся, вы не зрабілі мяне тоўстым. Кажа «дзякуй», ставіць побач», — прыводзіліся словы відавочцы. 

Іншыя рэсурсы, са спасылкай на відавочцаў, пісалі, што яна паспела сысці з кавярні.

Кавярня пасля выбуху. Фота: СК РФ

Пакуль агучваюцца розныя версіі. Па адной з іх, дзяўчына магла і не ведаць, што ў гіпсавай статуэтцы закладзена выбухоўка, а сама прылада была прыведзена ў дзеянне дыстанцыйна.

Пазней «Інтэрфакс» са спасылкай на сваю крыніцу паведаміла, што затрыманая Дар'я Т., 1997 года нараджэння.

Усяго на творчай сустрэчы было пад сотню чалавек. У выніку выбуху, па звестках расійскага Мінздароўя, 24 трапілі ў бальніцы, 6 з іх у цяжкім стане. Сярод пацярпелых — каардынатар руху «Бессмяротны полк» у Таліне Сяргей Чавулін, якога дэпартавалі з Эстоніі ў лютым.

У піцерскай кавярні падарвалі прапагандыста Уладлена Татарскага. Выбухоўку, імаверна, схавалі ў падоранай залатой статуэтцы

«Усіх заб’ём, каго трэба, абрабуем. З Богам». Хто такі Уладлен Татарскі, якога падарвалі ў піцерскай кавярні

Nashaniva.com