Сілавікі заявілі пра затрыманне «спячай ячэйкі» ў гаражным кааператыве
дапоўнена
Чарговыя палітычныя затрыманні адбыліся ў Гомелі.
31.03.2023 / 10:22
Скрыншот відэа праўладнага канала
На міліцэйскім відэа бачна, як група сілавікоў у поўным абмундзіраванні ўваходзіць у будынак і кладзе тварам у падлогу аднаго з мужчын.
Як доказ іх віны паказалі выяву бела-чырвона-белага сцяга на сцяне гаража, намаляваны фарбай на цэгле герб «Пагоня», партрэт Чэ Гевары.
Як вынікае з відэа, затрымана чацвёра мужчын.
«Спячая ячэйка экстрэмістаў у гаражным кааператыве», — напісаў праўладны гомельскі канал.
Злева направа і зверху ўніз: Дзмітрый Папкоў, Ігар Чарнавусаў, Канстанцін Гвоздзеў і Уладзімір Каменнаў
На відэа — 35-гадовы Дзмітрый Папкоў, 34-гадовы Ігар Чарнавусаў, 32-гадовы Канстанцін Гвоздзеў і 34-гадовы Уладзімір Каменнаў. Усе яны гамельчукі і старыя сябры.
Адзін з іх кажа на відэа, што стварыў групу, дзе яны перапісваліся з сябрамі. Іншы кажа, што падчас вайны нібыта некалькі разоў абразіў Лукашэнку ў гэтым чаце. Трэці прызнаецца ў «няправільных» каментарах.
Паказальна, што мужчын прымушаюць у відэа называць вайну «спецыяльнай ваеннай аперацыяй».
Ці заведзены на затрыманых крымінальныя справы, не ўдакладняецца.
Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года, калі Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы па звестках з участкаў, дзе выбарчыя камісіі дазволілі назіральнікам сачыць за падлікам галасоў, прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў уладу. З 2022 года, пасля нападу Расіі на Украіну, беларусаў пачалі праследаваць таксама за антываенныя выказванні або за сімпатыі да Украіны, якая змагаецца за сваю незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць. За гэты час у краіне адбылося каля 50 тысяч палітычна матываваных затрыманняў, заведзена каля 12 тысяч палітычна-крымінальных спраў і адкінутыя базавыя нормы законнасці і маралі.