«З дапамогай «ядзернай дубінкі» Пуцін хоча паказаць усяму свету, што імперыя вярнулася»
Размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі мае для Расіі не толькі палітычнае, але і глыбокае сімвалічнае значэнне, піша гісторык Аляксандр Фрыдман. Прыводзім яго допіс.
26.03.2023 / 11:43
Парад у Маскве, 2019 год. Фота: kremlin.ru
Размяшчаючы ядзерную зброю ў краінах Варшаўскай дамовы, СССР падкрэсліваў іх поўную залежнасць ад «старэйшага брата» і «настаўніка». Пасля крушэння камунізму ва Усходняй Еўропе і развалу Савецкага Саюза ядзерная зброя толькі вывозілася, але ўжо больш не завозілася. Вываз ядзернай зброі і вывад савецкіх войскаў стаў для РФ і яе сённяшняга кіраўніцтва адным з сімвалаў гібелі імперыі.
Сёння ў Маскве не толькі думаюць імперскімі катэгорыямі (такі вобраз мыслення ў Крамлі быў і ў 1990-я), але гратэскныя рэваншысты адкрыта кажуць пра імкненне адрадзіць імперыю, уключыўшы ў яе «гістарычныя расійскія катэгорыі». І вось зараз з дапамогай «ядзернай дубінкі» Пуцін хоча паказаць усяму свету, што «імперыя вярнулася».
Гісторыя савецкай (расійскай) ядзернай зброі ў Еўропе ў XX стагоддзі кажа, аднак, пра тое, што маскоўскія ядзерныя авантуры і гульні вайсковымі мускуламі ў выніку заканчваюцца вывазам зброі, вывадам войскаў, вызваленнем і дэмакратызацыяй краін з былой зоны ўплыву, а таксама крушэннем самой імперыі. Так што можна сказаць, што архаічныя дыктатары з XX стагоддзя Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка інтуітыўна абралі правільны гістарычны шлях.
Чытайце таксама:
Крэмль узяў Беларусь у ядзерныя закладнікі — Данілаў
Сахашчык: Мы павінны нешта зрабіць, каб расійскім войскам у Беларусі стала вельмі некамфортна
Пентагон: Няма ніякіх прыкмет, што РФ плануе прымяніць ядзерную зброю