Спалучэнне класікі і свавольства — трэнды ў мужчынскай модзе на вясну і лета 2023
У мужчынскіх гардэробах гэтай вясной класіка змяшаецца з сучаснасцю і лёгкай нядбайнасцю. Некаторыя атрыбуты — напрыклад, камізэлькі — настальгічна вернуцца з небыцця. Іншыя — такія як пастэльныя касцюмы — падштурхнуць да папаўнення гардэробу. Глядзіце самыя цікавыя трэнды і абірайце тое, што вам бліжэй.
21.03.2023 / 20:11
Несмяротная класіка ці намёк на шаленства? Незалежна ад таго, якому стылю вы аддаяце перавагу, штосьці з вясновых трэндаў абавязкова прыйдзецца вам даспадобы, піша Onet.pl. У гэтым сезоне дызайнеры вырашылі не рызыкаваць і вярнуцца да колераў і фасонаў, правераных дзесяцігоддзямі. Але гэта не будзе выглядаць банальна.
1. Хакі проста з 2000 года
Фота: modivo.pl
Калі трэба абраць колер, які вызначыць тэндэнцыі мужчынскай моды сёлета ўвесну і ўлетку, гэта будзе хакі. Прыглушана-зялёны колер, тыповы для разведвальнай формы ці камуфляжнай вопраткі, — сапраўдны хіт. Надзенеце вы скарочаныя нагавіцы ўнісэкс, падшываную камізэльку ці кашулю — ваш стыль у любым выпадку будзе ў трэндзе. Калі хочаце дадаць вобразу лёгкасці, а заадно абараніцца ад сонца, — надзеньце па-ранейшаму модны капялюш-вядро.
2. Поўнасцю джынсавы «лук», або джынс у квадраце
Фота: Freepik.com
Цалкам джынсавы вобраз у гэтым сезоне вяртаецца. Гэта адназначна палегчыць вам выбар вясновага гардэробу. Усё, што трэба, — гэта пара вашых любімых джынсаў (нават кароткіх!) і джынсавая кашуля ці куртка. Такі «лук» ідэальна падыдзе як для выхаду ў свет з сябрамі, так і на кожны дзень. Дадайце да яго каляровы спартовы абутак — гэты акцэнт вылучыць вас з натоўпу.
3. Камізэлька як з татавай шафы
Фота: modivo.pl
Вяртаюцца таксама камізэлькі. Гэты забыты прадмет гардэроба, на які мы часта паблажліва глядзелі на бацьках і дзядзьках, зараз самы трэндавы. Камізэлькі будуць модныя практычна ў любым фасоне. Джынсавыя, падшываныя і вязаныя… Не ведаеце, як насіць? Насіце камізэльку са штодзённай кашуляй, баваўнянай тэніскай ці надзявайце зверху на ўлюбёную талстоўку.
4. Мужчынская элегантнасць у пастэльных тонах
Фота: modivo.pl
Фота: modivo.pl
Пастэльна-жоўтая кашуля або светла-блакітны касцюм простага крою — невідавочныя рашэнні. Але яны самыя захапляльныя і дазваляюць гуляць з модай! У рэшце рэшт, пастэль пасуе не толькі жанчынам. Касцюм у такой каляровай гаме будзе выглядаць па-мужчынску, калі да яго дадаць некалькі класічных і стыльных аксесуараў, такіх як элегантныя туфлі або скураны рэмень. Насіце пастэльную кашулю са светлымі джынсамі ці баваўнянымі нагавіцамі і камбінуйце з лоферамі.
5. Абутак на ўсе выпадкі жыцця
Мужчынскія чаравікі-«траперы» — абутак на ўсе часы. Фота: Tom Sodoge / Unsplash
Марыце пра абутак, які будзе аднолькава добра выглядаць і падчас працоўнага дня ў офісе, і на абедзе з сябрамі, і на вячэрнім спатканні? Тады вам могуць спадабацца сёлетнія вясновыя трэнды. Цяпер у модзе зручны і ўніверсальны абутак, які можна насіць як са спартыўным, так і з больш элегантным адзеннем. Фірмовыя красоўкі ці стыльныя чаравікі — найлепшыя варыянты, якія дапоўняць многія вясновыя ўборы. Не забывайце пра зручныя і тонкія шкарпэткі, якія ў любым вясновым абутку забяспечаць вам камфорт на працягу ўсяго дня.
Чытайце яшчэ:
Мода ў эпоху нявызначанасці. Што мы будзем насіць гэтай вясной і чаму
Красоўкі за 50 даляраў: што носіць Зяленскі падчас вайны
Касцюм і машыну ўзяў у бацькі. Што за хлопец «прадае» аўтамабіль у тыктоку