Люты-2023 — у пяцёрцы самых цёплых за ўсю гісторыю метэаназіранняў
А мінулая зіма — на другім месцы сярод самых цёплых зім у Еўропе.
20.03.2023 / 23:58
За апошняе дзесяцігоддзе сярэдняя тэмпература лютага ў Еўропе павысілася на 0,56 °C
Люты 2023 года — чарговы месяц з больш высокімі сярэднімі тэмпературамі, чым звычайна, у сучаснай метэаралагічнай гісторыі. Дацэнт кліматалогіі Сафійскага ўніверсітэта ў Балгарыі Сімяон Мацеў адзначае, што знешне месяц быў спакойным, без масавых экстрэмальных з'яў, але пры гэтым ён вызначыўся новымі «пікамі» ў кліматалогіі.
Так, на значнай частцы Еўропы і Азіі зарэгістравалі анамаліі станоўчых тэмператур. У Антарктыдзе зафіксавалі найменшую колькасць марскога лёду, у Індыі — самы цёплы люты, а на большай частцы Альпаў назіраецца бясснежнасць.
Агульная тэндэнцыя — глабальнае пацяпленне
Сярэдняя тэмпература сёлета ў лютым была на 0,29 °C вышэйшая, чым у новым кліматалагічным перыядзе (1991—2020 гады). Таксама месяц быў на 0,49 °С цяплейшы за папярэдні кліматалагічны перыяд 1981—2010 гадоў, паводле інфармацыі Еўрапейскай службы па змене клімату «Капернік». Гэтая анамалія ставіць месяц на пятае месца сярод самых цёплых лютых у свеце. Лідар за апошнія 44 гады — з моманту вядзення ўліку — 2016 год, за ім ідуць 2020-ты і 2017-ты. Самыя халодныя лютыя былі ў 1979 і 1985 гадах. За апошнія 10 гадоў глабальная тэмпература павысілася на 0,2°С.
Для Індыі гэты месяц стаў самым цёплым лютым з 1901 года. Моцная спякота ахапіла краіну на пачатку месяца.
Большая частка Афрыкі, паўднёвая частка Паўднёвай Амерыкі і паўднёвая палова Аўстраліі таксама вылучыліся больш высокімі, чым звычайна, тэмпературамі.
У ЗША тэмпературы былі вышэйшыя за сярэднія ва ўсходніх штатах і ніжэйшыя за сярэднія — у заходніх. Вельмі паказальная гэтая дыспрапорцыя ў апошні тыдзень месяца, калі многія месцы на паўднёвым усходзе пабілі дзённыя максімальныя рэкорды, у той час як на заходнім узбярэжжы былі зафіксаваныя «халодныя» рэкорды.
На рэгіянальным узроўні назіраецца павелічэнне станоўчай анамаліі з павелічэннем шыраты, г. зн. чым далей на поўнач, тым большая станоўчая анамалія. Але ў лютым наўрад ці можна сказаць, што далей на поўнач становіцца істотна цяплей, бо нават пры тэндэнцыях пацяплення фактычныя тэмпературы ў Скандынавіі і на поўначы Расіі — адмоўныя, звяртае ўвагу Сімяон Мацеў.
Мы сталі сведкамі другой самай цёплай зімы ў Еўропе (адносна нормы за перыяд з 1991 па 2020 год)
Мінулая зіма ў Еўропе была на 1,44 °С цяплейшая за норму з 1991 па 2020 год. Гэтая анамалія прыкладна ў два разы меншая за анамалію самай цёплай зімы 2019/2020 года. Цяперашняя зіма — на другім месцы разам з зімамі 2006/2007 і 2015/2016 года.
Тэмпературы, вышэйшыя за норму, назіраліся амаль на ўсім кантыненце, а блізкія да нормы і ніжэйшыя — зафіксаваныя толькі ў Ісландыі, паўднёвай частцы Скандынавіі і ва Уэльсе (Вялікабрытанія).
Што адбываецца з ледзяным покрывам?
У Арктыцы плошча марскога лёду сёлета ў лютым была на 4% меншая, чым у сярэднім за 1991—2020 гг. Сярэдняя плошча ледзянога покрыва дасягнула 14,4 млн кв. км і заняла другое месца па самай малой плошчы марскога лёду — пасля 2018 года, калі лёду было амаль на 6% менш, чым у сярэднім. Гэты рэйтынг вядзецца з 1979 года — тады пачаліся спадарожнікавыя назіранні за ледзяным покрывам.
Таксама люты гэтага года заняў першае месца па найменшай колькасці лёду ў Антарктыдзе. Там ледзяная плошча працягвала скарачацца хуткімі тэмпамі — у адпаведнасці з разгарам паўднёвага лета. Як адзначае Сімяон Мацеў, карта анамалій шчыльнасці марскога лёду за люты 2023-га паказвае амаль паўсюдныя вобласці з канцэнтрацыяй, ніжэйшай за сярэднюю. Плошча антарктычнага марскога лёду рэкордна нізкая.
Навуковец звяртае ўвагу на тое, што з 2000 года ў Еўропе было ўсяго шэсць зім з анамаліямі нізкай сярэдняй тэмпературы, і кажа, што гэта тэндэнцыя патрабуе ад нас быць гатовымі да новай рэальнасці.
Чытайце яшчэ:
Глабальнае пацяпленне: свет хутка дасягне трывожнага тэмпературнага ліміту
Гіпотэза: праз 30 гадоў клімат у Мінску будзе падобны да сённяшняга ў Сафіі