Патрыярх Канстанцінопальскі прыбудзе ў Літву для надання тутэйшай праваслаўнай царкве самакіравання
Такую просьбу выказала Літоўская праваслаўная царква. Яшчэ адна царква адыходзіць ад Масквы.
19.03.2023 / 12:39
Канстанцінопальскі Патрыярх Варфаламей падчас богаслужэння. Фота: Wikimedia Commons
Літва адзіная з трох былых балтыйскіх рэспублік не мае афіцыйна зацверджанага статуса самакіравання, хаця фактычна не падтрымлівае фінансавых сувязей з Маскоўскім патрыярхатам і даўно прымае рашэнні самастойна.
Невядома, як доўга працягвалася б такое становішча, каб не канфлікт унутры Літоўскай праваслаўнай царквы. У маі 2022 года ад нясення духоўнага служэння рашэннем Мітрапаліта Літоўскага і Віленскага архіепіскапа Інакенція адхілілі пяцярых праваслаўных святароў.
Афіцыйная прычына — «парушэнне прысягі, ілжэсведчанне, непадпарадкаванне епіскапу, арганізацыя змовы супраць епіскапа і яго духоўных братоў, трывога за мір у Царкве, імкненне перайсці ў іншую царкоўную юрысдыкцыю без згоды свайго епіскапа».
Насамрэч прычына была ў тым, што святары крытыкавалі вайну Расіі ва Украіне і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Адзначым, што сам Мітрапаліт Віленскі Інакенцій у сваёй заяве ў сакавіку 2022 года таксама асудзіў вайну Расіі супраць Украіны.
Адхіленыя святары абскардзілі рашэнне Мітрапаліта ў найвышэйшай апеляцыйнай інстанцыі — Усяленскім праваслаўным патрыярхаце. Яны таксама прасілі ў Канстанцінопальскага патрыярхату дазволу аднавіць кананічнае падпарадкаванне Літвы гэтаму патрыярхату.
Па першым пытанні скарга была разгледжана станоўча. Канстанцінопальскі патрыярхат вярнуў сан літоўскім праваслаўным клірыкам. Другое пытанне, хутчэй за ўсё, таксама будзе вырашана станоўча.
Напярэдадні візіту Патрыярха Канстанцінопальскага (16 сакавіка) Святы сінод Маскоўскага патрыярхату накіраваў на разгляд Архіерэйскага сабору просьбу Мітрапаліта Літоўскага і Віленскага архіепіскапа Інакенція аб наданні Літоўскай праваслаўнай царкве статусу самакіраванай.
Цытайце таксама:
Усяленскі патрыярх Варфаламей трапіў у бальніцу на другі дзень візіту ў ЗША