Гарцуеў у Мелказёрава — пра Дрыгу, Аўсяннікава і Ашурка 

Калі Аляксандра Гарцуева, які зрабіў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі самай заўважнай сцэнай краіны, лукашысты звольнілі з пасады мастацкага кіраўніка, ён не склаў рук. У новым выпуску «Жыцця-маліны» ён шчыра расказаў, як ажыццяўлялася цэнзура ў тэатры, што думае пра топавых персанажаў тэатра з «таго» і «гэтага» бакоў, і назваў найлепшыя беларускія спектаклі.

18.03.2023 / 17:09

Фота: скрын з ютуб-канала «Жыццё-маліна»

Сярод спектакляў Аляксандра Гарцуева ў РТБД — «Тры Жызэлі», «Раскіданае гняздо», «Любоў людзей», «Кар'ера доктара Рауса» і іншыя.

Гарцуеў пачынаў сваю кар'еру як акцёр Купалаўскага тэатра. Потым доўгі час працаваў там рэжысёрам. Яго спектакль «Не мой», пастаўлены паводле твора Алеся Адамовіча, перамог у пяці намінацыях на Першай Нацыянальнай тэатральнай прэміі.

Як адбываецца цэнзура ў тэатры

Аляксандр Гарцуеў расказаў журналісту Мікіту Мелказёраву, што ў РТБД існавалі адміністрацыйныя праблемы. Кожная кандыдатура за апошнія паўтара года зацвярджалася Міністэрствам культуры. 

«Калі было забаронена браць маладых актрыс, студэнтак, я напрасіўся на прыём да міністра. Чакаў яго вельмі доўга, мабыць, не хацелі са мной сустракацца, але я, як мастацкі кіраўнік, настойваў. І праз месяц мне была прызначана сустрэча на 10 хвілін. 

Гэта быў мой маналог пра тое, як патрэбны гэтыя актрысы ў тэатры. Мяне ветліва выслухалі, сказалі, што паведамяць пра рашэнне. Іншыя людзі пасля сказалі, што не, нельга браць гэтых людзей у тэатр. Мабыць, недзе засвяціліся. Вось і ўсё. 

Можа, ім надакучыла такая мая настойлівасць, і па рэпертуары таксама. Кожную назву спектакля трэба было зацвярджаць. Большасць назваў за апошнія паўтара года не была зацверджана. Зарэзалі мой «Сфагнум», «Музу» — тут праблема была не ў п’есе, а ў аўтару — Віктару Марціновічу. Ёсць нейкі чорны спіс. Потым мне сказалі, што я сам у ім», — расказаў Гарцуеў. 

Звальненне, лухта Дрыгі і чаму новая «Паўлінка» — гэта сорам

Пра новага міністра культуры Аляксандр Гарцуеў кажа, што ён выканаўца. 

Анатоль Маркевіч быў прызначаны міністрам культуры 19 лістапада 2020-га. У 2021-м адзначыўся заявай, што больш за 300 чалавек звольнілі з устаноў культуры за «дэструктыўную пазіцыю». 

«Ён выконвае тое, што яму загадана, — кажа рэжысёр. — Са спадарыняй Ірынай Дрыгай (начальніца галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва. — НН.) былі больш шчыльныя адносіны. Усе зацвярджэнні праходзілі праз яе. З ёй трэба было размаўляць. 

Тэлефануе, называе прозвішчы людзей, якіх трэба звольніць. Не ведаеш, што рабіць, ідзеш да яе і пытаешся, як так можа быць, на іх жа рэпертуар трымаецца. Была такая дзіўная фраза: «У вас было паўтара года». Да гэтага часу не разумею, што мелася на ўвазе. Але зразумеў тады, што ўсё, хана. Гэта размова была недзе за паўгода да майго звальнення, ведаў, што ўжо не жылец. 

Запрасіў яе на прэм’еру апошняга спектакля — «Вецер шуміць у таполях». Французская п’еса, далёкая ад палітыкі, пра пажылых людзей. Здаецца, спектакль удаўся. Там маладыя акцёры гралі пажылых. Грым робіцца прама перад гледачамі, каб паказаць: вось я малады, а вось і стары. 

Яна паглядзела. Запытаўся, як гэта чалавека, які ў спісе на звальненне, можна так выкінуць, калі ён іграе ў гэтым спектаклі. Сказала шукаць іншых. Студэнты з тэатральнага не ідуць, зноў набраць з Інстытута культуры, як у тэатр Янкі Купалы? Адказвае, чаму б не. А я ж бачыў «Паўлінку». Сорамна глядзець».

Аляксандр Гарцуеў лічыць «Паўлінку», якую паставілі ў Купалаўскім пасля звальнення большасці трупы, самадзейнасцю. 

«Безгустоўна, фармальна, — дзеліцца ён. — Асабліва, калі з гэтым тэатрам пражыў паўжыцця, жахліва глядзець. Робіцца балюча. Я Дрызе гэта сказаў. Яна зыркнула на мяне, і я зразумеў, што мне хана.

Мой «Сфагнум» яна не глядзела, адмовілася ісці. У прынцыпе, спектакль быў забаронены яшчэ да таго, як мы яго паставілі для сваіх. Угаварыў яе дазволіць адзіны такі паказ». 

Па словах Аляксандра Гарцуева, з РТБД яго звольніла менавіта Ірына Дрыга. 

«Яна паведаміла дырэктару, што я павінен напісаць заяву па ўласным жаданні. Здаецца, чакаў гэтага. І ведаў, што так будзе. Але не буду хлусіць, разанула. Мне тут жа было сказана, што я не знайду працы па прафесіі. Разанула тое, што я 42 гады працую ў тэатры, а зараз не буду. 

Я сам агностык. Але гэта паведамленне прыйшло ў той дзень, калі я дасягнуў пенсійнага ўзросту. Думаю, што супадзенне. Разанула ненадоўга, проста так чалавек, мабыць, устроены, што калі займаешся дзесяцігоддзе адной справай і тут раптам усё — губляешся. Больш нічога не ўмею. Таксістам мяне ўжо не возьмуць з-за гадоў. А потым разумееш, што жыццё ідзе далей. Мне даўно блізкія людзі радзілі, што я павінен сам сысці. Усё чакаў», — дзеліцца Гарцуеў. 

Ірына Дрыга — галоўны цэнзар і вяршыцель лёсаў у беларускай культуры. Скрыншот відэа СТБ

Актрыса тэатра імя Янкі Купалы Зоя Белахвосцік, жонка Гарцуева, і яго дачка Валянціна Гарцуева сышлі з большасцю трупы Купалаўскага тэатра, дзе яны працавалі, на знак пратэсту супраць звальнення Паўла Латушкі ў жніўні 2020 года. 

Дзеля чаго працягваў працаваць Гарцуеў у РТБД?

«Складанае пытанне. Калі ўспомніць сітуацыю, якая была ў Купалаўскім і ў РТБД, — гэта розныя сітуацыі. Але калапс быў і ў РТБД. Падалося на той час, што трэба людзей акумуляваць, зберагчы, таму што валіўся ўвесь беларускі тэатр. Я там быў лідарам, мы рабілі добрыя, якасныя спекталі. Мне не сорамна ні за адзін свой спектакль, які нават быў зроблены падчас гэтых паўтара гадоў. Але я разумею, што было б правільна сыходзіць адразу», — расказвае ён. 

П’еса пра полк Каліноўскага, Вітольд Ашурак і калі Ціханоўская прыйдзе на купалаўцаў

Рэжысёр лічыць, што, каб паставіць добрую п’есу пра полк Каліноўскага і яго дзейнасць ва Украіне, трэба, каб цяперашнія падзеі скончыліся.

«Пасля прайшло б некалькі гадоў і з’явіўся б пісьменнік, які напісаў бы «Блуканне па пакутах» альбо «Доктар Жывага». Мы павінны ведаць, чым гэта ўсё скончылася. Цяпер пра гэта казаць можна, патрэбна, але гэта не ёсць аб’ектам мастацтва. Гэта аб’ект публіцыстыкі», — кажа ён. 

Паставіць п’есу Аляксандр Гарцуеў хацеў бы пра Вітольда Ашурка.

«Які загінуў у засценках невядома якім чынам да гэтай пары. Наогул кажучы, час трэба паказваць праз звычайных людзей. Калі хочаш расказаць пра вайну, не расказвай пра Жукава, трэба расказаць пра лёс салдата. Пра каго Васіль Быкаў пісаў? Пра такіх людзей. 

Расказваць пра Ціханоўскую не варта, бо яна публічная асоба. Нейкае клішэ яе ўспрымання ўжо ёсць. Пошукі яе чалавечых праяў могуць зайсці не туды. Можа выклікаць у нейкай часткі людзей супярэчнасці, могуць казаць, што яна не такая. Гэта ўжо не мастацтва, а дакументалістыка. 

Калі бярэш звычайнага чалавека, то ёсць метад мастацкага разумення гэтага чалавека. І тое, што ты дафантазіруеш, не будзе ўспрымацца як падлог ці няпраўда. Гэта абагульненне», — тлумачыць ён. 

Але для рэжысёра ўсё ж важна, каб такія фігуры, як Ціханоўская, спажывалі яго мастацтва. 

«Мы дамовіліся з ёй, што яна абавязкова будзе на спектаклях. Важна, бо яна сёння лідар супраціўлення, важна, каб мы былі разам», — кажа ён. 

«Тутэйшыя», чаму складана ставіць Караткевіча, найлепшы беларускі акцёр

Па меркаванні Гарцуева, найлепшыя спектаклі, якія трэба паглядзець, — пастаноўка па п’есе Аляксея Дударава «Радавыя» 1985-га і «Тутэйшыя» ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна 1989 года. 

«Спектакль «Тутэйшыя», які быў зроблены цяпер, пару гадоў таму, іншы. Першы быў з моцнай дэкарацыяй, музыкай, акцёрскім складам. Гімн беларускасці, уздымаўся бчб-сцяг. Рэч не ў сцягу, а ў нацыянальным духу, годнасці, што ўздымаў той спектакль», — расказвае ён. 

Фота: скрын з ютуб-канала «Жыццё-маліна»

Найлепшая драма ў беларускім тэатры для Гарцуева — гэта п’еса Андрэя Макаёнка «Трыбунал», спектакль Валерыя Раеўскага «Страсці па Аўдзею». 

«Макаёнкам я не захапляюся. Быў час, які я амаль не застаў, але памятаю яго. Тады п’есы Макаёнка былі ўсім рэпертуарам тэатра Янкі Купалы і амаль усяго Савецкага Саюза. Ён быў вельмі запатрабаваны, актуальны. Калі цяпер перачытваеш яго п’есы, шмат чаго не разумееш, бо там не жыў. Гэтая класіка сышла, нельга цяпер ставіць», — разважае ён. 

Чаму складана ставіць Уладзіміра Караткевіча?

«Духоўнае жыццё герояў выяўлена ў аўтарскіх тэкстах, не ў дыялогах. Калі толькі іх браць, становіцца пуста. Ёсць драматургі, якія ўмеюць гэта рабіць, трэба проста шукаць ключ».

Зачапіўся цяпер за Бахарэвіча і Марціновіча. Гэта для мяне маладыя, сучасныя беларускія літаратары, якія адчуваюць сённяшні дзень, сітуацыю. І пры дапамозе свайго таленту робяць так, як я не ўмею. Новую беларускую літаратуру. На жаль, яны амаль не пішуць п’есы, аповесці, але я іх адаптую», — кажа ён. 

Жонка Аляксандра Гарцуева — Зоя Белахвосцік — цяпер плануе паставіць п’есу па творы Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?».

«Гэта высокая літаратура. Я прачытаў і быў вельмі ўражаны, — дзеліцца Гарцуеў. — Жонцы я сказаў, што паставіць не змагу, бо вельмі экзістэнцыяльны твор. Я не ведаю сродкаў, пры дапамозе якіх гэтую цудоўную літаратуру можна было б расказаць тэатральнай мовай. Жонка збіраецца рабіць гэта сама, не ведаю, ці ўдасца».

Найлепшым беларускім акцёрам Гарцуеў лічыць народнага артыста Савецкага Саюза Глеба Глебава. А найлепшай актрысай — Зою Белахвосцік.

«Вельмі акварэльны артыст, гэта пра лёгкасць, пяшчотнасць. Вельмі глыбокі як чалавек і як артыст. Той рэдкі выпадак, што, калі ён памёр, уздоўж праспекта Леніна стаялі людзі, а дзеці сядзелі на дрэвах. Так пасля хавалі толькі Машэрава», — расказвае ён. 

Аўсяннікаў і смешная гісторыя пра пахавальную каманду 

Генадзь Аўсяннікаў — ветэран Купалаўскага тэатра, народны артыст Беларусі, народны артыст СССР. Не падтрымаў большую частку трупы тэатра, якая звольнілася пасля падзей жніўня 2020-га. 

«Так, гэта добры акцёр. Але абмяркоўваць яго я б не хацеў. Ён не проста застаўся там, а не зразумеў людзей, якія сышлі. 

Іграў замест яго два разы, калі ў Аўсяннікава быў інфаркт. У сваім жа спектаклі — «Людзі на балоце». Гэта складаны працэс, за некалькі дзён трэба было падняць ролю. Не тое, што вывучыць ролю, яе трэба пражыць. Я спрабаваў там аднаму акцёру патлумачыць, але прыйшлі ў выніку да таго, што прасцей будзе сыграць мне. 

Застаюся да Аўсяннікава з вялікай павагай. Гэта адзін са стаўпоў беларускага тэатра. Тая прыкрасць, якая адбылася, за яе я яго не асуджаю. Ён пажылы чалавек. Мне здаецца, што яму не трэба было так злосна каментаваць тыя падзеі, якія адбываліся. Тым не менш, у кожнага чалавека ёсць права на памылку», — разважае Гарцуеў. 

За час працы ў Купалаўскім тэатры Аляксандр Гарцуеў пахаваў каля сарака акцёраў.

«Пахаванне — гэта таксама нейкі спектакль, — кажа рэжысёр. — Асабліва, калі ведаеш, як усё будзе. Стаіш і думаеш, што і ты так будзеш ляжаць, а з правага боку будуць сваякі, тут выйдзе трупа, выйдзе Лілія Давідовіч, якая заплача і скажа, што гэта быў вельмі прыстойны акцёр. 

Можа, гэта падасца непрыемным, цынічным, але гэта жыццё. Памятаю, памёр народны артыст Савецкага Саюза Здзіслаў Стома. Наша пахавальная каманда, шэсць чалавек, бярэ труну, падымае, пачынаем выносіць з залы і тут мы чуем голас Стомы. «Як несяце, рабяты? Вы ж народнага артыста ўсяго Савецкага Саюза несяце». А гэта адзін з акцёраў Стомы голас парадзіраваў. Усе людзі пачынаюць смяяцца ўнутры сябе, а труна хістаецца.

Усе потым пыталіся, чаго мы так усе плакалі. А мы ж не плакалі, трэба было проста з сур’ёзным тварам выносіць».

Чытайце таксама: 

Мелказёраў пра бэкстэйджы інтэрв'ю, дзяўчат (50+), жыццё і маліну — вялікі «Ток»

Зорка стэндапу Ірына Прыходзька — пра асаблівасці беларускага гумару і эміграцыю праз вайну

Аляксандр Кабанаў расказаў пра сутычкі з Ціханоўскім, агента, які ледзь не сарваў збор подпісаў, і трэш у калоніі. Новы выпуск «Ток»

Сахашчык расказаў пра сваё знаёмства з Залужным, колішняе прыяцельства з Вальфовічам і стан беларускай арміі

Nashaniva.com