Больш за 90% украінцаў адмоўна ставяцца да Лукашэнкі — апытанне
Пры гэтым яшчэ тры гады таму ён быў самым папулярным замежным палітыкам ва Украіне.
11.03.2023 / 13:26
Рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі рэзка знізіўся пасля таго, як Беларусь стала тылавой базай расійскай арміі
Украінскі цэнтр эканамічных і палітычных даследаванняў імя Разумкова ў канцы лютага правёў чарговае апытанне сярод украінцаў наконт іх стаўлення да Беларусі.
У асабістым фармаце было апытана 2020 рэспандэнтаў розных узростаў, акрамя непаўналетніх, з усіх падкантрольных уладам Украіны тэрыторый. Паводле аўтараў даследавання, яго хібнасць не перавышае 2,3%.
Вынікі гэтага апытання мы прыводзім ніжэй.
- 80,6% рэспандэнтаў лічаць, што Беларусь з'яўляецца паўнапраўным удзельнікам вайны супраць Украіны. 7,5% кажуць, што гэта не так.
- Толькі 12,4% станоўча ставяцца да Беларусі, а амаль 81% — негатыўна.
- Каля 70% пасля заканчэння вайны ў цэлым згодны на поўны разрыў любых адносін з Беларуссю разам з забаронай на ўезд ва Украіну ўсіх грамадзян Рэспублікі Беларусь (акрамя палітычных уцекачоў).
«Амаль усе апытаныя выказалі негатыўнае стаўленне да Аляксандра Лукашэнкі (76,3% — негатыўна, 15,9% — рэзка негатыўна). Пры гэтым толькі 3,3% выказаліся ў ягоны адрас пазітыўна», — гаворыцца ў справаздачы.
Характэрна, што, паводле інфармацыі гэтага ж сацыялагічнага цэнтра, тры гады таму Лукашэнка быў самым папулярным замежным палітыкам ва Украіне.
Тады па апытаннях яму давярала 46% рэспандэнтаў, што, напрыклад, перавышала паказчык украінскага даверу тагачаснаму канцлеру Германіі Ангеле Меркель (36,5%).
Сярод украінскіх палітычных сіл большы давер да Лукашэнкі ў 2020 выказвалі ў прарасійскай партыі «Апазіцыйная платформа — за жыццё» (лідара якой яшчэ летась абмянялі на абаронцаў «Азоўсталі») — 79%.
А ў партыі «Слуга народа» дзейнага прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага пазітыўнае стаўленне да Лукашэнкі тады выказвалі 54% апытаных.
Нагадаем, што 7 сакавіка Лукашэнка назваў Зяленскага «гнідай» пасля паспяховай дыверсіі супраць расійскага самалёта-наводчыка ў Мачулішчах.
Украінскі бок на гэтую абразу адказваць не стаў.
Чытайце таксама:
Лукашэнка заявіў пра «ўкраінскага тэрарыста» і затрыманне «дваццаці саўдзельнікаў»
Аляксей Данілаў: Украіна не разрывае дыпламатычных адносін з Беларуссю, каб не правакаваць Лукашэнку