Навукоўцы змаглі вывесці жывое патомства ад двух мышэй-самцоў. На чарзе — доследы на людзях

«Гэта дазволіць размнажацца без удзелу жанчын».

10.03.2023 / 21:38

Фота: pixabay

Навукоўцы з універсітэта Осакі змаглі атрымаць 7 здаровых мышанят ад дарослай пары самцоў. Пра гэта 9 сакавіка паведаміла агенцтва Sky News.

«Гэта стала магчымым дзякуючы ператварэнню мужчынскай ствалавой клеткі аднаго з самцоў у жаночую яйцаклетку, якую пасля гэтага апладніў ужо іншы самец. Атрыманае патомства не мела ніякіх праблем са здароўем і працягласцю жыцця», — заявіў прафесар Кацухіка Хаясі з Універсітэта Осакі, прэзентуючы гэты праект на навуковай канферэнцыі ў Лондане.

Паводле яго слоў, гэтае адкрыццё дазволіць двум мужчынам заводзіць сваіх дзяцей без удзелу жанчын. А жанчынам гэта можа дапамагчы ў лячэнні сіндрому Цёрнэра — асаблівага жаночага генетычнага захворвання, якое цалкам або часткова знішчае адну з X-храмасом, што прыводзіць да нізкаросласці, дэфармацыі суставаў, лімфастазу і іншых праблем развіцця.

Пры гэтым, як адзначае прафесар Хаясі, на адаптацыю падобнай тэхналогіі пад патрэбы чалавека спатрэбяцца гады, бо чалавечым клеткам трэба больш часу для вытворчасці спелых яйцаклетак, і за гэты перыяд звычайна ўзнікае больш адхіленняў ці анамалій.

Нагадаем, што яшчэ ў лістападзе мінулага года брытанскія навукоўцы стварылі эмбрыён мышы, наогул не выкарыстоўваючы палавыя клеткі.

А іншая каманда даследчыкаў ужо сёлета змагла цалкам спыніць працэс старэння ў мышэй і нават амаладзіць іх.

Чытайце таксама:

Дэманстрацыя прататыпа «першай ў свеце штучнай маткі» выклікала абурэнне

Творца першых у свеце генна-мадыфікаваных дзяцей распавёў пра іх стан

Навукоўцы знайшлі раней невядомыя гены, якія паказваюць, што чалавек усё яшчэ эвалюцыянуе

Nashaniva.com